У Мінску пройдзе фотавыстава да 30-годдзя "Талакі"

22 снежня ў 18.00 Мінску ў Траецкім прадмесці ў кнігарні “Галіяфы” адбудзецца вечарына і фотавыстава, прывечаная 30-годдзю легендарнага моладзевага аб’яднання “Талака”. 



racyja.com


На выставе будуць прадстаўленыя 100 фотаздымкаў з найноўшай гісторыі Беларусі з архіву фатографа Уладзіміра Сапагова.

Лёс фатографа драматычны. Уладзімір Сапагоў (04.07.1952 — 11.10.2012) нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці, выхоўваўся ў дзіцячым доме, вучыўся ў Маскве. Працаваў: на БАМе, на кінастудыі “Беларусьфільм”, на Трактарным заводзе. У 80-ыя гады ХХ-га стагоддзя далучыўся да Адраджэнскага руху. У 1998-2000 супрацоўнічаў з праваабарончым выданнем “Права на Волю”.

Уладзімір Сапагоў  ніколі не развітваўся з фотаапаратам, жыў у інтэрнаце Трактарнага завода, быў самотным чалавекам. У апошнія дні жыцця фатографа ў інтэрнаце рабілі рамонт, і адразу пасля смерці Уладзіміра Сапагова арыгіналы фотаздымкаў выкінулі на сметнік. Але яго сябар Міхаіл Мякіш здолеў уратаваць негатывы і пазітывы, якія аддала камендантка інтэрната. Уладзімір Сапагоў пахаваны сябрамі ў вёсцы Весніна Лагойскага раёна, паведамляе Радыё Рацыя.

У 1985 годзе ў СССР пачаліся рэформы, якія атрымлі назву «перабудова», якой папярэднічалі «новае мысленне» і «паскарэнне». У 1985  1986 гадах ў Мінску былі створаныя арганізацыі  Клуб імя Уладзіміра Караткевіча (1985-1986) і клуб „Талака” (1985-1989). У снежні 1986 было заснаванае Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”. Увосень 1988 года культурна-асветніцкія суполкі зліліся ў палітычны рух  Беларускі Народны Фронт. З усіх моладзевых арганізацый 80-ых гадоў не змяняючы мэтаў і задач «дажыла» да нашага часу адна арганізацыя  Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя „Талака”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!