У Мінску ўсталявалі памятную дошку ў гонар Кастуся Каліноўскага

Памятную дошку з бюстам Каліноўскага і яго кароткай біяграфіяй цішком усталявалі на будынку Мінскага гарадскога цэнтру алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Аляксандра Мядзведзя ў сярэдзіне ліпеня гэтага года. Дошка стаяла на будынку былога кінатэатра «Вільнюс» з 1988 па 1998 год, а потым скандальна знікла.



Памятная дошка з бюстам К. Каліноўскага



Вуліца ў гонар беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, мысляра і публіцыста ў сталіцы з’явілася ў 1963 годзе — роўна праз сто гадоў пасля паўстання. Важным аб’ектам гэтага раёна з 1975 года заўсёды быў гандлёва-грамадскі цэнтр з кінатэатрам «Вільнюс» па вуліцы Каліноўскага, 55, які пасля рэканструкцыі ператварыўся ў Палац барацьбы. Мала хто ведае, што ў 80-я гады мінулага стагоддзя менавіта на будынку кінатэатра «Вільнюс» усталявалі памятную дошку ў гонар Каліноўскага, якая скандальна знікла ў 1998 годзе.

artsiadziba_mikita-brouka_kalinouski-4

artsiadziba_mikita-brouka_kalinouski-7

artsiadziba_mikita-brouka_kalinouski-1-2

Пра гісторыю вяртання памятнай дошкі на гістарычнае месца расказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Аляксей Каштальян:

— Пасля сканчэння рэканструкцыі будынка на вуліцы Каліноўскага, 55 мы ў ліпені гэтага года вярнулі на гістарычнае месца памятную шыльду ў гонар Кастуся Каліноўскага. Яна і раней вісела на гэтым месцы, калі там быў яшчэ кінатэатр «Вільнюс». Але ў 1998-м годзе шыльду скралі. Пасля яе адшукалі ды перадалі на захаванне і аднаўленне ў Першамайскае ЖРЭА, бо будынак быў на рэканструкцыі. А зараз, пасля адкрыцця будынка, шыльда зноў вярнулася на ранейшае месца, таму ніякіх урачыстасцяў і прэзентацый мы не рабілі.

Вядомы мастак Мікола Купава расказвае іншую гісторыю памятнага знака. Паводле ягоных слоў, першая шыльда была ўсталяваная ў 1988 годзе з ініцыятывы Акадэміі навук БССР. Але гэта быў звычайны памятны знак без бюста Каліноўскага. Тады ў святочных мерапрыемствах з нагоды адкрыцця памятнага знака паўдзельнічала каля тысячы чалавек.

Цікава, што пра планы вяртання ў Мінску памятнай дошкі Кастусю Каліноўскаму ніхто не ведаў, і ў СМІ пра гэта не паведамлялася. Нават Алег Корбан, кіраўнік моладзевай грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва», якая некалькі дзён таму скончыла кампанію па зборы подпісаў за ўсталяванне помніка Кастусю Каліноўскаму на названай у яго гонар вуліцы, даведаўся ад нас пра гэта ўпершыню.

artsiadziba.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!