У пачатковай школе ўрокаў беларускай мовы стане столькі ж, колькі і рускай

З новага навучальнага года ў пачатковай школе павялічыцца колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Булаўкіна ў чацвер на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



«Добрая навіна: з наступнага года ў пачатковай школе, пачынаючы з 2 класа, на вывучэнне рускай і беларускай моў па-за залежнасцю ад мовы навучання ва ўстанове, будзе выдзелена аднолькавая колькасць гадзін», — сказала Булаўкіна.

Паводле яе слоў, цяпер у 2 класе на вывучэнне беларускай мовы адводзіцца 2 гадзіны, у той час як расійская мова ў раскладзе другакласнікаў значыцца 3 разы на тыдзень.

«Пачнем з другіх класаў, праз год гэта будуць другія і трэція, потым другія-трэція-чацвёртыя, і паступова мы пяройдзем на аднолькавую колькасць гадзін вывучэння беларускай і рускай моў, як гэта робіцца ў старэйшых класах», — удакладніла прадстаўнік міністэрства адукацыі.

«У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, і мы вырашылі, што яны павінны быць у роўных умовах», — патлумачыла яна.

Акрамя таго, з гэтага года арганізавана вывучэнне беларускай мовы і літаратуры на павышаным узроўні ва ўсіх установах адукацыі, распавяла спецыяліст. «У кожнай установе адукацыі могуць быць такія класы па жаданні вучняў. Гэта тычыцца не толькі беларускай мовы і літаратуры, але і іншых прадметаў: з 10 класа вучні могуць вывучаць прадметы як на базавым, так і на паглыбленым узроўні, і для гэтага не абавязкова ісці ў гімназію», — падкрэсліла Булаўкіна.

Навучанне беларускай мове не абмяжоўваецца вывучэннем ў рамках навучальных прадметаў, працягнула яна, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі распрацавана больш за 40 факультатыўных заняткаў, у рамках якіх вучні маюць права вывучаць беларускую мову пасля ўрокаў. Ёсць таксама розныя пазакласныя мерапрыемствы, гурткі і стымулюючыя заняткі, але гэта — па жаданні, удакладніла прадстаўнік Мінадукацыі.

Акрамя таго, у гэтым годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры рэалізуецца праект па правядзенні ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама гісторыі Беларусі ў музеях краіны, адзначыла спецыяліст.

Interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: