У Пасхальным пасланні мітрапаліт Павел нагадаў, у імя чаго Хрыстос стварыў Царкву

З Пасхальным пасланнем да праваслаўных вернікаў звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.



Напярэдадні свята Уваскрасення Хрыстова, якое святкуецца ў гэтым годзе ў праваслаўнай традыцыі 12 красавіка, іерарх нагадаў вернікам і духавенству, што Свята Пасхі, паводле словаў свяціцеля Епіфанія, епіскапа Кіпрскага, з’яўляецца «галавой і вяршыняй ўсіх святаў», «урачыстасцю абнаўлення і ўратавання» для ўсяго свету.

Называючы свята Пасхі Хрыстовай краевугольным каменем хрысціянскага светапогляду, іерарх нагадвае, што невыпадкова Уваскрэслы Хрыстос стварыў Царкву, даўшы ёй асаблівую благадатную моц Святога Духа, — моц, што жывіць кожнага чалавека, які верыць ў Хрыста: “Святая Царква садзейнічае стварэнню ў сэрцы кожнага чалавека Царства Божага, каб мы разам з апосталам Паўлам маглі ўсклікнуць: «ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос».

“Пасха — гэта свята яднання”, — падкрэслівае ўладыка Павел, і таму, на яго думку, перамена жыцця ў Хрысце павінна прыняць выгляд пераменаў узаемаадносінаў з самім сабой і з навакольным светам. Шлях да паўнаты ўласнага быцця дапаможа адчуць Божую задуму адносна кожнага і, як вынік, адносна гісторыі.

“Прымаючы стваральную любоў Спасіцеля, — гаворыцца ў звароце іерарха да архіпастыраў і вернікаў, — будзем дзяліцца ёю з тымі, хто пакутуе і церпіць нягоды, хто мае патрэбу ў спагадзе і простай чалавечай увазе, будзем дарыць усім людзям лікаванне ў Хрысце Уваскрэслым і радасць яднання з Ім”.

krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: