У праблеме з атрыманнем беларусамі польскіх віз Варшава вінаваціць Мінск

Праблема з атрыманнем беларусамі польскіх віз выклікана недахопам работнікаў консульскіх службаў Польшчы на тэрыторыі Беларусі, заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басяцкі Gazeta Wyborcza.



"Праблема з візамі для беларусаў не знікне, пакуль мы не зможам адправіць у Беларусь больш консулаў. На гэта не даюць згоды беларускія ўлады", — падкрэсліў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства Польшчы. 
 


Такім чынам Басяцкі пракаментаваў інфармацыю, што з'явілася некалькі дзён таму ў польскай прэсе. У прыватнасці Gazeta Wyborcza са спасылкай на ананімную крыніцу паведамляла, што за праблемамі з электроннай рэгістрацыяй грамадзян Беларусі для атрымання польскай візы стаяць беларускія спецслужбы. 
 


Апошнім часам зарэгістраваць анкету на сайце польскага консульства практычна немагчыма. Як зазначыў у інтэрв'ю Gazeta Wyborcza кіраўнік адной з турфірм Гродна, для рэгістрацыі такой вялікай колькасці візавых заяў трэба мець сувязі ў дзяржаўнай кампаніі "Белтэлекам". Паводле яго версіі, менавіта ў "Белтэлекаме" блакуюць доступ на сайт. 

У сваю чаргу былы афіцэр МУС Польшчы заявіў выданню, што сістэма электроннай рэгістрацыі віз у Беларусі, як і сам інтэрнэт, знаходзяцца пад жорсткім кантролем спецслужбаў і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. 
 


Gazeta Wyborcza таксама зазначала: неафіцыйна польскія дыпламаты прызнаюць: маштабы праблемы з атрыманнем польскай візы беларусамі такія вялікія, што даводзіцца звяртацца па дапамогу да хакераў, цэны на паслугі якіх апошнім часам прыкметна ўзраслі.

 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: