У Віцебску інтэрнэт-тролям інструкцыі раздае БРСМ (скрыншоты)

у Віцебску фабрыку троляў курыруе БРСМ. Імаверна, падобныя структуры ёсць і ў іншых гарадах.



Чытачы даслалі «Нашай Ніве» копіі электронных лістоў з Віцебскага абкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У іх штатным супрацоўнікам мясцовых арганізацый БРСМ даюцца інструкцыі, якія каменты размяшчаць пад тымі ці іншымі артыкуламі ў беларускіх СМІ.

 

У гэтым лісце гаворка ідзе пра артыкул «Статкевіч правёў пікет у цэнтры Мінска з патрабаваннем свабодных выбараў АНЛАЙН».

Імаверна, што фабрыкі троляў БРСМ, аналагічныя віцебскай, дзейнічаюць і з іншых абласцей Беларусі. У кагосьці з троляў мянушка «Берасцеец», у кагосьці — «Васіль Ашмяны».

У полі дзеяння троляў — ёсць і іншыя рэсурсы.

Пікет Статкевіча з патрабаваннем свабодных выбараў тролям БРСМ загадвалі бэсціць. А вось праграму Аляксандра Лукашэнкі прадпісвалася расхвальваць: «І я думаю, што нікому не трэба тлумачыць, што гэты артыкул — АСАБЛІВЫ».

Ад звычайнага чытача са сваімі поглядамі троля адрознівае наяўнасць «пасылаў» — інструкцый. І заробкі на штатных пасадах.

«Па гэтых каментарах патрэбны скрыншоты» — вялікімі літарамі нагадвае пісьмо з абкама БРСМ. Начальства на даверы не працуе. Патрэбны дакументальныя пацверджанні дзейнасці.

Першыя вынікі сваёй дзейнасці тролям трэба даслаць увечары, а пасля паўтарыць каменты ўранку. Сапраўды, калі зірнуць адпаведныя артыкулы, можна пабачыць ідэнтычныя каменты ўвечары і ўранку. Тролям няважна, як выглядае гэты цырк, галоўнае — колькасць.

Вось чаму тролі шалеюць, калі іх каменты выдаляюцца як платны спам — ім няма магчымасці адсправаздачыцца.

Чуткі пра тое, што БРСМ мабілізуе платных каментатараў для стварэння ў інтэрнэце ўражання большасці, хадзілі даўно. Аднак дзякуючы нашым чытачам з Віцебскай вобласці ўдалося здабыць дакументальнае пацверджанне гэтаму.

Калі б такая дзейнасць сыходзіла ад прыватнай структуры, яе можна было б лічыць неэтычнай. Але тут гаворка пра Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які атрымлівае вялікае дзяржаўнае фінансаванне. Адпаведна, гэта павінна быць арганізацыя, якая служыць усяму грамадству. Аднак, атрымліваючы дзяржаўныя сродкі, ён з'яўляецца арганізацыяй адной палітычнай сілы, аднаго палітыка.

Ідэолагі такога падыходу прыкрываюцца тым, што «яны праводзяць дзяржаўную лінію». Аднак што «дзяржаўнага» ў рабоце на аднаго кандыдата ў прэзідэнта супраць другіх кандыдатаў у прэзідэнты? Што гэта, калі не злоўжыванне ўладай, выкарыстанне дзяржаўных грошай у прыватных мэтах?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!