«Удзел у маршах – нашая натуральная рэакцыя на прававое бязмежжа і гвалт»

28-29 верасня ў Кобрыне на Берасцейшчыне працягваліся суды над удзельнікамі маршаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
29 верасня. У зале пасяджэнняў Кобрынскага суда

29 верасня. У зале пасяджэнняў Кобрынскага суда

Так, 28 верасня за ўдзел у акцыях пратэсту быў асуджаны бацька шасці дзяцей ва ўзросце ад 8 месяцаў да 14 год, часова беспрацоўны 35-гадовы Віталь Жук. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь. 21-гадовы наладчык абсталявання ЗТАА “Велпак-Кобрын” Ян Акулік атрымаў штраф у 10 базавых велічынь (суддзя Таццяна Каберская).

Прычым Віталь Жук сваю грамадзянскую пазіцыю матываваў наступным чынам: “Жадаю, каб мае дзеці жылі ў іншай краіне, дзе ўлада паважае грамадзянаў і нашыя неад’емныя правы”.

Маргарыта і Віталь Жукі

Яна Акуліка міліцыянты забралі з дому ў ізалятар часовага ўтрымання 23 верасня, праз два дні хлопец быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь, затым на спадара Яна склалі другі адміністрацыйны пратакол, паўторна закратавалі ў ІЧУ і зноўку судзілі 28 верасня. Аднак і пасля гэтага суда малады чалавек быў у трэці раз затрыманы і вызвалены толькі вечарам.  

Раніцай 25 верасня супрацоўнікі ДАІ разам з выкліканымі для падтрымкі міліцыянтамі затрымалі станочніка шырокага профілю мясцовай фабрыкі лялек “Палессе” Алеся Мандру, які да суда знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. 28 верасня па хадайніцтве Алеся Мандры аб неабходнасці азнаямлення з матэрыяламі справы разгляд перанеслі. На спадара Алеся быў складзены другі адміністрацыйны пратакол і мужчыну зноўку закратавалі ў ІЧУ на 72 гадзіны. Прычым, як адзначае жонка затрыманага Ірына, Алесю Мандры не дазволілі патэлефанаваць ёй пасля складання адміністрацыйнага пратаколу, хоць гэта і прадугледжана заканадаўствам, а таксама абмяжоўваюць у перадачах з волі.  

Раніцай 29 верасня за ўдзел у маршах пратэсту на гутарку ў Кобрынскі РАУС была выкліканая дырэктар прыватнага прадпрыемства, кабрынчанка ў чацвёртым пакаленні Вольга Трус. З жанчынай доўга размаўляў кіраўнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Клімчук у прысутнасці падначаленых. Між іншым, спадар Клімчук скардзіўся спадарыні Вользе на тое, што з-за палітычных справаў запусцілі крымінальныя, і выказаў надзею, што пратэстоўцы ўрэшце “пачнуць мірна жыць з уладамі” і адмовяцца ад штонядзельных маршаў пратэсту.

Вольга Трус

Вольга Трус

Пасля такой гутаркі Вольгу Трус прывезлі ў суд, дзе суддзя Алесь Бабаскін аштрафаваў жанчыну на 10 базавых велічынь. Свой удзел у маршах Вольга Трус патлумачыла так: “Як маці і грамадзянка я не ведаю, якім іншым чынам можна адстойваць свае правы, праўду і справядлівасць у нашай краіне. Удзел у маршах – нашая натуральная рэакцыя на прававое бязмежжа і гвалт”.

За ўдзел у маршах пратэсту суддзя Таццяна Каберская аштрафавала шматдзетных бацькоў Дамасевічаў -- хатнюю гаспадыню Юлію і яе мужа, бухгалтара Змітра, агулам на 35 базавых велічынь. Гэта не першы прысуд мужу і жонцы. Агулам за перыяд пасля выбараў іх пакаралі на суму ў 1215 рублёў.

Як падкрэсліў спадар Зміцер, падчас маршу 13 верасня яго затрымлівалі чатыры незнаёмыя мужчыны ў цывільным без апазнавальных знакаў, яны не прадставіліся. “Мне заламалі рукі, паклалі тварам на зямлю так, што не мог дыхаць. Прычым два незнаёмцы трымалі мяне за рукі, а трэці сядзеў на нагах. Пры гэтым забралі маю ўласнасць — вялікі бел-чырвона-белы сцяг памерам 10,24x1,8 метра”, — паведаміў Зміцер Дамасевіч.

Юлія і Зміцер Дамасевічы

Юлія і Зміцер Дамасевічы

Ёсць і прыемная навіна: 28 верасня суддзя Таццяна Каберская апраўдала аўтара гэтага артыкула, супраць якога з ініцыятывы намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, маёра міліцыі Міхася Вайтовіча і ўчастковага інспектара, капітана міліцыі Змітра Арашчука была ўзбуджаная адміністрацыйная справа за ўдзел у маршы 30 жніўня. Паколькі ж мае доказы засведчылі, што выконваў прафесійныя абавязкі журналіста, падчас маршу быў заўважна пазначаны і на сайце газеты “Новы Час” 30 жніўня апублікаваў адпаведны артыкул, суддзя вынесла апраўдальны прысуд.

Марш у Кобрыне 30 жніўня

Марш у Кобрыне 30 жніўня

Тым часам, нягледзячы на рэпрэсіі і непагадзь, грамадзяне працягваюць удзел у акцыях пратэсту. Так, 27 верасня на Марш пераменаў “Народная інаўгурацыя” ў Кобрыне выйшла каля 150 чалавек.

З маршу 27 верасня

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: