Удзельнікаў акцый падчас перадвыбарчай кампаніі прысудзілі да вялікіх штрафаў

Сёння ў Першамайскім судзе Мінска асудзілі ўдзельнікаў перадвыбарчых мітынгаў. Агульная сума штрафаў 175 базавых велічынь.


Пасля перапынку, што быў абвешчаны ў Першамайскім судзе па справах удзельнікаўі акцый, якія адбываліся падчас выбарчай кампаніі, былі вынесеныя прысуды. Усіх актывістаў прысудзілі да штрафаў, паведамляе ПЦ «Вясна».

Суддзя Таццяна Ліннік, якая разглядала справу Ніны Багінскай, палічыла, што актывістка здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне і прызначыла ёй штраф у 50 базавых велічынь.

Суд прызнаў Дзяніса Красачку вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь.

Вольга Нікалайчык не прыйшла на суд. Яе справу разглядала Ганна Ігнацьева. Вольгу Нікалайчык судзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве 16 лістапада. У матэрыялах справы ў якасці доказу суд праглядае відэазапіс з акцыі... якая прайшла 8 лістапада. На відэа гучыць песня "Тры чарапахі".

Сведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПу Місюлін і Трышкін. Яны сцвярджалі, што падчас свайго дзяжурства ўбачылі масавае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы, а "мерапрыемствы ж там забароненыя".

Дзве справы — за 8 лістапада і за 16 лістапада — аб'ядналі.

У выніку Вользе Нікалайчык суд прызначыў штраф у 50 базавых велічынь.

Справу Леаніда Кулакова разглядала суддзя Святлана Чараповіч. Актывіст таксама быў пакараны штрафам у 50 базавых велічыняў і цяпер мусіць папоўніць бюджэт на 1250 рублёў

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!