Указ Лукашэнкі № 460 — удар па сіротах

Распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі ад 16 лістапада ў дзяцей-сіротаў будуць забіраць бясплатнае дзяржаўнае жыллё.



У адпаведнасці з указам № 460 дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання будуць выдзяляцца тэрмінам на пяць гадоў. Праз пяць гадоў рашэннем мясцовых і распарадчых органаў гэтыя памяшканні будуць залічацца ў памяшканні камерцыйнага выкарыстання. Узамен дзеці-сіроты атрымаюць права на льготны крэдыт. Дагэтуль гэтая катэгорыя грамадзян атрымлівала дзяржаўнае сацыяльнае жыллё бестэрмінова.

У Наталлі Дземянцей тата памёр, калі ёй было 7 гадоў, а калі споўнілася 8 — памерла матуля. Да 15 гадоў расла ў сем’ях сваіх блізкіх сваякоў — братоў і сясцёр. Але сірочы лёс зазнала спаўна:

Натальля ДземянцейНаталля Дземянцей
 
 

«Жыла ў сям’і брата, пасля ў сям’і сястры — па чарзе. Але гэта ўвесь час было цяжка псіхалагічна: у іх былі свае дзеці, свае клопаты, свае матэрыяльныя цяжкасці, і ўвесь час так ці інакш я адчувала, што сваёй прысутнасцю ствараю ім дадатковыя праблемы. Таму ў 15 гадоў пайшла навучацца ў тэхнічную вучэльню і як сірата атрымала месца ў інтэрнацкім пакоі. Адгэтуль пачалося маё самастойнае жыццё — было лягчэй маральна, хоць і цяжка матэрыяльна. Але яшчэ цяжэй стала, калі скончыла вучэльню і з інтэрната выселілі. Далей пайшлі блуканні па найманых кватэрах, жыла ў бараках, аж пакуль пасля высялення з аднаго з такіх не атрымала ўрэшце аднапакаёўку. Гэта стала зусім іншае жыццё: спакойнае, упэўненае хаця б у сённяшнім дні. Толькі тады сапраўды стала пачувацца годна і стала гаспадыняй свайму жыццю. А збудаваць кватэру за нашы заробкі хіба зараз магчыма? Цяпер з маёй ужо дарослай дачкой мы паспрабавалі пабудаваць кватэру для яе сям’і. Але адмовіліся, бо зразумелі, што не выцягнем гэтую будоўлю. Таму адсутнасць жылля для дзяцей-сіротаў — гэта не толькі заўсёдная галеча, залежнасць і прыгнечанасць, але адсутнасць будучыні».

Указ № 460 прадугледжвае таксама «аптымізацыю катэгорыяў грамадзян, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі». Паводле ўказу дзяржаўныя органы і арганізацыі таксама атрымалі права змяняць прызначэнне будынка інтэрната на шматкватэрны жылы дом. Такія памяшканні пры гэтым будуць таксама залічвацца ў жыллё камерцыйнага выкарыстання. На практыцы гэта азначае скарачэнне спісу тых, хто патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, кажа эканаміст Міхась Залескі:

Міхась ЗалескіМіхась Залескі

«Тыя грамадзяне, якія набліжаныя да вышэйшых эшалонаў улады, яны ўжо страцілі патрэбу ў савецкіх формах падтрымкі. Яны маюць усё для сябе неабходнае па сваіх праўладных каналах. А ўсіх гэтых жабракоў трэба падразаць і люмпенаваць.

Што тычыцца сіротаў, то ў нас у Беларусі ў прытулках выхоўваюцца каля 35 тысяч дзяцей. Сярод іх не маюць бацькоў каля 600 дзяцей, а астатнія — так званыя сацыяльныя сіроты. Гэтая група грамадзян — вялікая сацыяльная праблема, бо яны не падрыхтаваныя да жыцця ў сучасным грамадстве — яны ізаляваныя ад гэтага грамадства. У выніку нізкай сацыялізацыі яны неэфектыўна выкарыстоўваюць тое жытло, якое атрымоўваюць, і гэтаксама неэфектыўна выкарыстоўваюць іншыя сацыяльныя ільготы і гарантыі, якія ім прапаноўваюцца.

Адначасна ёсць такі пасёлак у Драздах, дзе жывуць сябры і памочнікі Лукашэнкі, якія маюць там дамкі ў мільёны даляраў кожны. То ўсіх гэтых сіротаў можна забяспечыць адным ці двума такімі дамкамі. У кожным разе можна сказаць: Лукашэнкава балбатня пра савецкія сацыялістычныя прынцыпы супярэчыць ягонай практыцы. Пераконваючы свой электарат пенсіянераў пра захаванне сацыяльнай скіраванасці дзяржавы, ён паспрыяў развіццю стыхійнага і дзікага капіталізму.

Адбіранне жытла ў сіротаў не будзе ў маштабах краіны ні выніковым, ні праблемным. Гэта будзе праблема для банкаўскіх органаў, бо ўзнікне глеба для злоўжыванняў, праблема для органаў апекі і аховы правапарадку. А перадусім — сацыяльная і маральна-этычная праблема. Сіроцтва можна выкараніць — у нас пасля вайны было менш сіротаў. Але для гэтага неабходна адраджаць нацыянальную культуру».

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-17 21:40:42
З М. Залескім цалкам згодзен, асабліва ў гэтым: "Лукашэнкава балбатня пра савецкія сацыялістычныя прынцыпы супярэчыць ягонай практыцы. Пераконваючы свой электарат пенсіянераў пра захаванне
сацыяльнай скіраванасці дзяржавы, ён паспрыяў развіццю стыхійнага і дзікага капіталізму." Тут http://belisrael.info/?p=5383 пра гэта таксама ёсць.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: