Украіна ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб рэадмісіі. Што яно зменіць?

Вярхоўная Рада Украіны ратыфікавала пагадненне аб рэадмісіі, падпісанае з Беларуссю 26 кастрычніка 2018 года ў Гомелі, у рамках першага Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае Радыё Свабода.
У пагадненні вызначаны ўзаемныя абавязанні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй.

Апроч таго, пад дзеянне гэтага дакумента падпадуць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжання ў іншай краіне.

Пагадненне прадугледжвае спрошчаную працэдуру перадачы грамадзян у краіну свайго паходжання ды вызначае дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца ідэнтыфікацыя грамадзянства.

Дакумент вызначае, што супраца ў межах гэтага пагаднення ажыццяўляецца на рускай мове.

Беларусь ратыфікавала пагадненне 18 чэрвеня 2019 года.

Пагадненне набудзе моц праз 30 дзён пасля таго, як Беларусь і Украіна абмяняюцца ратыфікацыйнымі граматамі.


Што гэта зменіць?

У парламенце Украіны перакананыя, што рэалізацыя пагаднення істотна спросціць працу кампетэнтных органаў у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, бо гэта створыць дадатковыя прававыя працэдуры для вяртання беларускіх грамадзян у краіну паходжаньня і грамадзян трэціх краін, якія незаконна ўехалі ва Украіну з Беларусі.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, летась 1350 замежных грамадзян незаконна, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, заехалі на ўкраінскую тэрыторыю з намерам трапіць у краіны Еўразвязу.

Большасць з іх — грамадзяне Турцыі, Малдовы, Аўганістану, Бангладэш, Расіі, В'етнаму, Іраку, Індыі і Шры Ланкі.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе сцвярджаюць, што з пачатку 2020 году атрымалі 285 просьбаў пра рэадмісію (вяртанне) ва Украіну і толькі 2 — з Украіны.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: