Украінцы прыехалі ў Мінск прапаведаваць дараванне грахоў, а апынуліся на Акрэсціна

Вызвалены 2 красавіка з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў беларускі палітык Алесь Лагвінец распавёў, што ў апошняй камеры, дзе ён сядзеў, знаходзілася трое грамадзян Украіны — хрысціянскіх прапаведнікаў, якія прыехалі ў Менск на тэалагічны семінар.
Тэалагічны семінар на тэму «Сакрэт даравання грахоў і нараджэння звыш», арганізаваны «Місія Добрая вестка», павінен быў праходзіць з 21 па 24 сакавіка на другім паверсе СЦА «Алімп» пры ўдзеле пастара Кім Джон Су з Паўднёвай Карэі, а таксама гасцей з Украіны.

Без тлумачэння прычын дамова аб арэндзе з боку СЦА «Алімп» была скасаваная. Арганізатары спрабавалі знайсці новае месца для правядзення свайго семінара.

22 сакавіка непадалёк ад плошчы Якуба Коласа трое грамадзян Украіны — прапаведнікаў, якія павінны былі прымаць удзел у семінары, былі спыненыя міліцыяй за пераход вуліцы ў неналежным месцы і пасля аштрафаваныя. Аднак справа для іх штрафам не абмежавалася. На ўкраінцаў былі складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства. І за правапарушэнне, якога яны не здзяйснялі, госці беларускай сталіцы атрымалі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Па словах Алеся Лагвінца, звязацца з пасольствам Украіны ў Беларусі затрыманым дазволілі толькі з дапамогай лістоў. Ці дайшлі гэтыя лісты да адрасата і ці былі наогул адпраўленыя — невядома. 2 красавіка амбасада не змагла пракаментаваць інфармацыю пра затрыманых, паабяцалі, што заўтра прэс-сакратар зробіць заяву.

Вядомыя дадзеныя затрыманых. Гэта Леанід Намярчук са Львова, Ашот Саркісян, 1970 г. н, з Хмяльніцкага і Уладзіслаў Ярмолаў, 1986 г.н., з Мікалаева.

Таксама Алесь Лагвінец сутыкнуўся на прагулцы ў дворыку ізалятара з двума «дзіўнымі», як сказаў палітык, маладымі хлопцамі з Украіны, якія былі апранутыя ў турэмныя робы, паколькі іх адзенне была канфіскавана для экспертызы на прадмет судотыку з выбуховымі рэчывамі. Іншай інфармацыі пра іх пакуль няма.


Паводле belaruspartisan.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!