Украінская і беларуская медыясупольнасці звяртаюцца да прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ

Украінская і беларуская медыясупольнасці звяртаюцца да прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ па фактах прыгнёту свабоды слова ў Беларусі і шматразовых выпадкаў фізічнага і маральнага ціску на прадстаўнікоў СМІ, якія асвятляюць пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.


Зварот будзе накіраваны Тэрэзе Рыбейра, Прадстаўніцы АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Як адзначаецца ў дакуменце, прадстаўнікі ўкраінскай і беларускай медыясупольнасцей, асуджаюць выпадкі парушэння свабоды СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. «Роля журналіста ў асвятленні пратэстаў у краіне надзвычай высокая: яго праца дае магчымасць грамадзянам рэалізаваць сваё права на атрыманне аператыўнай і дакладнай інфармацыі аб дзейнасці дзяржавы і аб тым, што адбываецца ў краіне», — адзначаецца ў звароце.

«У 2020 годзе рэпрэсіі беларускай дзяржавы супраць СМІ дасягнулі свайго максімуму, асабліва ўзмоцніліся пасля выбараў 9 жніўня. За сваю прафесійную дзейнасць пацярпелі сотні журналістаў. У мінулым годзе было зафіксавана 480 затрыманняў супрацоўнікаў СМІ, з іх 97 выпадкаў скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі, а як мінімум у дачыненні да 62 журналістаў быў ужыты гвалт падчас выканання імі прафесійнай дзейнасці пасля выбараў, прычым многія з гэтых фактаў падпадаюць пад вызначэнне “катаванні”, як мінімум у 3-х выпадках журналісты атрымалі агнястрэльныя раненні», — заяўляюць ініцыятары звароту.

У 2021 годзе, адзначаецца ў дакуменце, ціск дзяржавы працягнуўся: палітычным рэпрэсіям падвергліся журналісцкія арганізацыі «Press Club Belarus», Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Трое журналістаў адбылі адміністрацыйны арышт, 18 былі вымушаныя заплаціць штрафы. Проста цяпер 12 журналістаў знаходзяцца ў месцах несвабоды: Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Сяргей Гардзіевіч і Анджэй Пачобут. З іх трое ўжо асуджаныя да пазбаўлення волі. Праваабаронцы і адвакаты прызнаюць справы палітычна матываванымі і не бачаць у дзеяннях журналістаў складу злачынства, а саміх журналістаў прызналі палітычнымі зняволенымі.

Парушэнні свабоды слова ў сувязі з выбарчай кампаніяй уключаюць і поўнае блакаванне ўладамі Інтэрнэту ў Беларусі ў першыя дні пасля выбараў і яго пастаянныя абмежаванні падчас масавых пратэстаў, абмежаванні доступу да вэб-сайтаў, якія асвятляюць палітычную сітуацыю ў краіне, афіцыйныя папярэджанні Міністэрства інфармацыі шматлікім СМІ, пазбаўленне найбуйнейшага партала TUT.BY статусу СМІ, адмовы міністэрства замежных спраў у разглядзе заявак на акрэдытацыю ад замежных карэспандэнтаў, шматлікія ператрусы ў рэдакцыях і ў журналістаў, узмацненне жорсткасці новай акрэдытацыі для журналістаў замежных СМІ.

«Выказваючы сваю прыхільнасць прынцыпам свабоды і дэмакратыі, мы заклікаем прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ не заставацца ў баку ад парушэнняў галоснасці, свабоды слова і СМІ і правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, прызнаць пералічаныя факты палітычным ціскам на прадстаўнікоў СМІ з мэтай стварэння ўладамі Беларусі перашкод для працы сродкаў масавай інфармацыі і неспрыяльных умоў для дзейнасці журналістаў», — адзначаюць аўтары дакумента.

Прымаючы пад увагу масавыя парушэнні свабоды слова ў Беларусі, заяўнікі просяць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і яе прадстаўніцу па пытаннях свабоды СМІ Тэрэзу Рыбейра:

— Заклікаць беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед і супрацьпраўнае выкарыстанне сілы супраць журналістаў і работнікаў медыя, спыніць грубыя парушэнні свабоды слова і абмежаванні доступу да інфармацыі.

— Заклікаць улады Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных — у прыватнасці, журналістаў, якія застаюцца ў месцах несвабоды, спыніць рэпрэсіі, прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных сілавых структур, якія ўчынілі злачынствы.

— Аказаць садзейнічанне ў агалосцы выпадкаў парушэння правоў журналістаў і іх незаконнага пазбаўлення волі, прымянення да іх фізічнага гвалту і маральнага ціску.

— Падтрымаць намаганні краін-удзельніц АБСЕ, якія ініцыявалі працэдуры расследаванняў злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненыя прадстаўнікамі ўлад Беларусі ў дачыненні да журналістаў.

— Заклікаць краіны-ўдзельніцы АБСЕ выканаць рэкамендацыі ў частцы свабоды слова, названыя ў дакладзе дакладчыка АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізму ў сувязі з паведамленнямі аб парушэннях правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ў Беларусі.

У дадзены момант пад гэтым зваротам ідзе збор подпісаў. Яго ўжо падпісалі 40 журналістаў Беларусі і Украіны, а таксама ГА «Львоўскі медыяфорум» і «Free Belarus Center». Збор подпісаў працягнецца да 1 траўня, пасля чаго яно будзе накіравана адрасату.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: