Навошта патрэбна рэформа самакіравання: украінскі досвед

Беларуская Жаночая ліга 15 верасня правяла круглы стол на тэму «Грамадзянская актыўнасць на мясцовым узроўні. З украінскага і беларускага досведу».
Ініцыятары мерапрыемства — ГА «Беларуская жаночая ліга» — запрасілі на сустрэчу ў якасці дакладчыка па ўкраінскіх рэформах дэпутата Івана-Франкоўскай абласной рады Сяргея Адамовіча.

На сустрэчы таксама прысутнічаў старшыня праўлення фонда імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, які выступіў з аналізам становішча самакіравання ў Беларусі. Ён адзначыў, што самакіраванне — гэта балючае пытанне для Беларусі. Як быццам яно ёсць, бо ёсць Закон аб мясцовым самакіраванні, і як быццам яго няма.  
 
Паводле беларускага заканадаўства, самакіраванне — гэта толькі форма арганізацыі дзейнасці насельніцтва на адпаведнай тэрыторыі, якая не надзелена правам і рэальнай здольнасцю — у адрозненне ад Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання, — зазначыў кіраўнік фонда. — Наша самакіраванне — гэта частка дзяржаўнага кіравання: нічога супраць дзяржавы, усё ў мэтах дзяржавы. Выканкамы, ад якіх залежыць жыццё грамадзян, непадкантрольны грамадзянам. Асабліва ў цяжкім становішчы знаходзяцца сельскія рэгіёны, паколькі да сельскіх саветаў даходзіць толькі 1 адсотак ад мясцовага бюджэта.

Паколькі наша насельніцтва прывучана да таго, што людзі нічога не вырашаюць, Міраслаў Кобаса бачыць пачаткі грамадскага самакіравання ў развіцці грамадскіх ініцыятыў.

Яскравымі прыкладамі такой грамадскай актыўнасці на мясцовым узроўні падзяліліся Ала Сапежынская (Кобрын), Н. Галанава (Брэст), Аліна Нагорная (Слуцк), Жана Семянтовіч (Жодзіна).

Ала Сапежынская, якая ўзначальвае ў Кобрыне грамадскае аб’яднанне «Жаночы клуб “Бона”» і з’яўляецца мясцовым дэпутатам, распавяла пра будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі «Востраў дзяцінства» ў Кобрынскім раёне. Яе прыклад — гэта прыклад супрацоўніцтва паміж грамадскімі актывістамі і мясцовай уладай з фінансавай падтрымкай Еўрасаюза. Паколькі фінансаванне было выдзелена толькі на закупку абсталявання для пляцоўкі, насельніцтва ўклала свае грошы ў будаўніцтва фундамента, з сваімі інструментамі і сваімі рукамі стварылі цудоўнае месца для забаў дзяцей і дарослых.  

Іншы прыклад грамадскай актыўнасці прывяла Аліна Нагорная. Ініцыятыва «Часовая Рада Случчыны» фактычна выконвае функцыі дэпутатаў мясцовых саветаў — праводзіць маніторынг праблем жыхароў горада, збірае подпісы грамадзян, вядзе перапіску з вертыкаллю.

Украінскі дэпутат Сяргей Адамовіч, прафесар Прыкарпацкага нацыянальнага ўніверсітэта, удзельнік Майдану, распавёў пра рэформы ва Украіне. Адным з дасягненняў паслярэвалюцыйнага перыяду лічыць рэформу паліцыі, пачатак рэформы школьнай адукацыі і рэформу па дэцэнтралізацыі. Па яго словах, паліцэйскія патрульныя на вуліцах краіны сталі іншымі нават знешне: пасміхаюцца грамадзянам, не бяруць грошай, дапамагаюць людзям пераходзіць дарогі, могуць нават падпіхнуць аўтамабіль, які не заводзіцца. У пачатковых класах дзеці атрымалі новыя парты, новыя падручнікі і новыя падыходы да вучобы. Педагогі імкнуцца зацікавіць дзяцей і развіць іх творчы і асабісты патэнцыял, адсутнічае прымус.


Абстрэляная армія, украінская мова, «бязвіз» — гэта таксама паспяховыя моманты, якія даліся вялікай цаной украінскаму народу. Асаблівую ўвагу прысутных прафесар засяродзіў на рэформе па стварэнню аб’яднаных тэрытарыяльных грамад.

Прафесар выдзеліў тры асноўныя прычыны для рэфармавання мясцовага самакіравання: сельскія саветы ў большасці сёл не ажыццяўлялі эфектыўнага менеджменту, рэформаў патрабавалі дзяржавы-партнёры, існавала і неабходнасць аптымізацыі бюджэтных трат.

Пасля Рэвалюцыі Годнасці 2014 года ўлада ў краіне дала рэальныя паўнамоцтвы мясцовым суполкам, — гаворыць Сяргей Адамовіч. — Дзяржаўная падтрымка на развіццё суполак і мясцовай інфраструктуры павялічылася з 0,5 мільярдаў у 2014 годзе — да 9 мільярдаў грывень у 2017 годзе. Запланаваны 12,9 мільярдаў грывень фінансавай падтрымкі на рэалізацыю праектаў інвестыцыйнага і рэгіянальнага развіцця на 2018 год.

Перад пачаткам рэформы па дэцэнтралізацыі і ўзбуйненню тэрытарыяльных грамад вывучаўся вопыт самакіравання ў розных дзяржавах, у тым ліку і Швецыі.

Негатыўнымі момантамі рэформаў, на яго погляд, з’яўляецца залішне паскораны працэс рэформаў, недахоп палітычнай волі і няўмелае выкарыстанне ініцыятывы грамадзян, прабелы ў заканадаўстве, нізкі ўзровень каардынацыі паміж рознымі праектамі і праграмамі падтрымкі рэформаў.

—
 Выбарнасць органаў мясцовай улады і іх праца на карысць насельніцтва самі па сабе ўжо з’яўляюцца сур’ёзнай гарантыяй ад злоўжывання ўладай на сваю карысць, —
гаворыць Сяргей Адамовіч
. — Да таго ж за дзейнасцю мясцовых улад і адпаведнасцю яе заканадаўству на месцах сочаць прэфекты, якія могуць звярнуцца ў пракуратуру.

Што датычыцца скарачэння сацыяльнай інфраструктуры — такая пагроза сапраўды існуе, паколькі АТГ ва ўмовах недахопу грошай могуць зачыніць некаторыя дзіцячыя садкі, клубы і бібліятэкі. Аднак паколькі АТГ самі вырашаюць, куды траціць грошы, ёсць і шмат прыкладаў іх пазітыўнага выкарыстання. Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца банкруцтва завода ў Івана-Франкоўску і яго выкуп мясцовай грамадой, стварэнне новых рабочых месцаў для насельніцтва. Да таго ж цяпер 60 адсоткаў падатку ад фізічных асобаў застаецца ў грамады, у цэнтр накіроўваецца толькі 40 адсоткаў. Апрача таго, у АТГ ёсць доступ да грошай з акцызных падаткаў, экалагічнага падатку, падатку на даходы камунальных прадпрыемстваў, адзінага падатку і падатку на маёмасць. Адпаведна грамада зацікаўлена і ў добрай збіральнасці падаткаў.    
Таксама аб’яднаныя грамады могуць разлічваць на падтрымку Дзяржаўнага фонду рэгіянальнага развіцця, а таксама дзяржаўнае і замежнае фінансаванне шляхам напісання праектаў для ўдзелу ў конкурсных інвестыцыйных праграмах.

Тэрмін для добраахвотнага аб’яднання ў АТГ існуе да 2020 года. Пасля 2020 года тэрыторыі будуць аб’ядноўваць, сыходзячы з эканамічнай неабходнасці. Зразумела, што па меры рэфармавання будзе ўзнікаць шмат новых праблем, але над гэтым павінны працаваць заканадаўцы.

Падводзячы вынікі сустрэчы, арганізатары выказалі спадзеў, што ў выніку рэформы самакіравання ва Украіне ў цэнтральных органаў улады стане менш магчымасцяў для карупцыі, а праца мясцовых грамад будзе больш празрыстай для насельніцтва і будзе служыць інтарэсам большай колькасці грамадзян. Поспехі ва Украіне могуць стаць арыенцірам для беларусаў, якія ўжо даўно стаміліся ад бюракратыі і карупцыі чынавенства.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: