Украінскі тэлеканал UATV з’явіўся ў беларускіх кабельных сетках, але не ўсіх

У амбасадзе Украіны прайшла прэзентацыя міжнароднага дзяржаўнага тэлеканалу UATV. Пасля некалькіх гадоў перамоваў беларускі бок пагадзіўся ўнесці ў дзяржаўны рэестр украінскі канал.
«Я хацеў бы, каб беларуская аўдыторыя ведала, што, нягледзячы на расійскую агрэсію, у нас ёсць нармальнае жыццё: развіваецца вытворчасць, квітнее культура, пашыраюцца кантакты з іншымі краінамі, асабліва з Еўрасаюзам, мы маем пазітыўныя змены ў эканоміцы, гандлі, і ў стасунках з Беларуссю. Узаемнае медыйнае пранікненне паміж нашымі краінамі дазволіць нам лепей зразумець адзін аднаго, будзе спрыяць збліжэнню нашых народаў і ўмацаванню супрацоўніцтва і ў больш шырокім кантэксце — умацаванню еўрапейскай бяспекі», — адзначыў на адкрыцці прэзентацыі пасол Украіны Ігар Кізім.

 На прэзентацыі прысутнічалі дырэктар тэлеканала UATV Людміла Беразоўская, дзяржсакратар Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны Арцём Бідэнка, начальнік Упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Мінінфарма Уладзімір Рабаволаў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, кіраўнік ЗАТ «Эфір» Сяргей Офган, дырэктар кампаніі «Навігатар ТВ» Вадзім Ціхановіч, а таксама прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, журналісты. У перапынках паміж выступамі гучалі ўкраінскія песні ў выкананні ансамбля «Крыніца».

 Пра тэлеканал распавяла яго дырэктарка Людміла Беразоўская. Паводле яе слоў, UATV — канал, які падае ўзважаную інфармацыю. Яго галоўная задача — рэпрэзентаваць Украіну ў свеце. Ён мае невялічкі, у 10 хвілін, навінавы блок. Але асноўная частка эфіру — гістарычныя, культурныя праграмы, мода, спорт, музыка. Першы год канал будзе транслявацца па-руску, але не выключаецца ў перспектыве з’яўленне беларускамоўнай гукавай дарожкі.
 Павіншавала амбасаду і прысутных з пачаткам трансляцыі ўкраінскага канала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім:

«Вельмі сімвалічна, што тэлеканал прэзентуецца ў 25-ю гадавіну нашай Канстытуцыі. Лічу, што будзе карысна нашаму дэпутацкаму корпусу атрымліваць інфармацыю пра Украіну з наўпроставых крыніцаў. А таксама лічу, тэлеканал будзе спрыяць падрыхтоўцы спецыялістаў-украіністаў, якіх мы будзем рыхтаваць у інстытуце Ніла Гілевіча. Віншую з гэтым прарывам. Мы ўсе гэтага не адзін год чакалі».

Пасля свайго выступу Алена Анісім падарыла дырэктарцы канала дыскі з песнямі Данчыка на беларускай і ўкраінскай мовах.
Кіраўнік кабельнага аператара ЗАТ «Эфір» Сяргей Офган, які першым пачаў трансляваць украінскі канал у Беларусі, патлумачыў, чаму яго ўпадабаў:

«Лічу, што культурная прастора паміж Беларуссю і Украінай павінна пашырацца. Па-другое, калі я запускаю тэлеканал, я спачатку гляджу сам. Ён мне спадабаўся. Па якасці не саступае «Еўраньюс». Па змесце: мне спадабалася, што там паказваецца культура Украіны, людзі, якія там жывуць і чым яны займаюцца, а таксама ўкраінскія песні, якія я асабліва люблю. Лічу, чым больш будзе ўзаемнае пранікненне культур, тым будзе лепш для абодвух народаў».

 Між тым, паглядзець канал UATV не вельмі проста. Паводле Вадзіма Ціхановіча, беларускія кабельныя аператары сустрэлі навіну пазітыўна, амаль 20 аператараў ужо пагадзіліся трансляваць украінскі канал. Некаторыя спасылаюцца на тэхнічныя праблемы па далучэнні канала да пакета вяшчання. Буйныя аператары, такія як «Белтэлекам», чакаюць, пакуль сфармуецца пакет замежнага вяшчання, у які яны плануюць уключыць украінскі канал, што можа адбыцца не раней, чым праз паўгода. Але ўкраінскі бок будзе намагацца пашырыць прысутнасць украінскага тэлебачання ў Беларусі, хаця б для захавання парытэту. Балазе канал Беларусь-24 паспяхова транслюецца ў кабельных сетках Украіны ўжо некалькі гадоў.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!