Улада абвясціла нас лішнімі людзьмі, месца якім у турме. Але гэта іх месца за кратамі

Прысуд Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай — гэта не проста рэпрэсіі. Гэта акт тэрарызму з мэтай застрашвання журналісцкай супольнасці. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: супраць нас вядзецца вайна.
Гэтая вайна, канешне, пачалася не цяпер. Недзяржаўныя СМІ пераследаваліся на працягу ўсіх 27 гадоў дыктатуры Лукашэнкі. Журналістаў затрымлівалі і кідалі ў турмы. Дзмітрыя Завадскага — забілі. Але варта прызнаць: вялікую частку часу гэта была ўсё ж «дзіўная вайна». Вялікую частку часу нам усё ж дазвалялі жыць і працаваць, а з некаторымі нават гатовыя былі размаўляць (часам). Але гэтыя часы прайшлі. Цяпер гаворка ідзе пра вайну на вынішчэнне. З пункту гледжання ўлады, свабодная прэса не тое, што непатрэбная — ёй цяпер папросту не павінна быць месца ў Беларусі. Бо ў інфармацыйным полі, на думку рэжыму, павінны непадзельна панаваць чалавеканенавісніцкая рыторыка азаронкаў-мукавозчыкаў.

Многія, я ўпэўнены, цяпер пытаюцца сябе: а што можна зрабіць дзеля Каці і Дашы цяпер? Што наогул рабіць у сітуацыі, калі нашы калегі за кратамі? Для сябе я адказ на гэтае пытанне знайшоў: мы павінны, сціснуўшы зубы, выконваць свае прафесійныя абавязкі тут і цяпер. І не проста выконваць свае прафесійныя абавязкі — мы павінны працаваць у 2, 5, 10 разоў лепш, чым працавалі раней. Яны абвясцілі нам вайну, таму што жудасна баяцца праўды, баяцца фактаў. Значыць наш адказ павінен быць адзін: яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў.

Мы зноў і зноў павінны распавядаць праўду пра іх злачынствы ў судах. Пра гвалт на вуліцах. Пра здзекі і катаванні ў турмах. Пра карупцыю і злоўжыванні на ўсіх узроўнях. Пра гатоўнасць прадаць суверэнітэт краіны за магчымасць хоць крышачку падоўжыць рэжым асабістай улады. Разграмяць усе рэдакцыі і забароняць усе недзяржаўныя СМІ? Значыць будзем працаваць цалкам у партызанскіх умовах. Але кожны дзень раскопваць нешта новае і дзяўбці гэтую жахлівую тыранію праўдай. Дзяўбці, пакуль яна не абрынецца. А яна — абавязкова абрынецца.

Улада абвясціла нас лішнімі людзьмі, месца якім у турме ці, у лепшым выпадку, эміграцыі. А мы павінны даказаць і паказаць, што гэта іх месца за кратамі. Гэта ж яны здзяйсняюць кожны дзень злачынства. А наша сумленне чыстае. І мы ніколі не здамося. Таму што мы вядзём барацьбу не за палітычныя погляды, не за матэрыяльны дабрабыт і не за прасоўванне па кар'ернай лесвіцы. Мы вядзём барацьбу за чалавечую годнасць, за права займацца любімай справай. І за свабоду. За свабоду Каці, Дашы і ўсёй Беларусі.

facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: