Улада і апазіцыя нарэшце селі за «круглы стол»

Пакуль толькі ў Слоніме.
Вясновыя народныя пратэсты навучылі чыноўнікаў быць больш згаворлівым: 19 красавіка ў Слоніме ўпершыню прайшоў «круглы стол» з удзелам мясцовых уладаў і прадстаўнікоў Слонімскай кааліцыі дэмсілаў.

19 красавіка ў раённым выканаўчым камітэце прайшло паседжанне «круглага стала», у працы якога прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, службаў і ведамстваў раёна, прадстаўнікі прыватнага бізнесу і грамадскіх арганізацый Слонімшчыны, а таксама актывісты дэмакратычных сіл.

Заяўленая мэта мерапрыемства — канструктыўная размова аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў першым квартале 2017 года.

У пачатку сустрэчы старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Таргонскі адзначыў, што падобнае мерапрыемства ў такім фармаце праводзіцца на Слонімшчыне ўпершыню. «Улада заўсёды гатовая для нармальнага, канструктыўнага дыялогу», — запэўніў чыноўнік.

На сустрэчы абмеркавалі сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне, сітуацыю на рынку працы, дзяржаўную падтрымку прадпрымальніцтва і новаўвядзенне ў падатковым заканадаўстве.

Кіраўнік Слонімскага грамадскага цэнтра і актывіст Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Віктар Марчык адзначыў, што на «круглым стале» ўладам было прапанавана стварыць рабочую групу з удзелам прадстаўнікоў дэмсілаў і прыцягнуць спецыялістаў ва ўсіх сферах на пастаяннай аснове.

«Спадзяемся, што наша прапанова будзе разгледжана станоўча і ў бліжэйшы час сумесная праца прынясе толькі карысць для жыхароў нашага рэгіёну», — напісаў Віктар Марчык ў сваім Фэйсбуку.

«Нядаўна мне задавалі пытанне пра тое, ці варта нам прымаць прапановы ўлады, якая нелегітымная ў сувязі з тым, што выбары ў Беларусі не прызнаныя. Мы сустракаемся не з нелегітымнымі дэпутатамі, а з прадстаўнікамі ўлады. А чыноўнікі яны былі, ёсць і будуць пры любой уладзе, а давер простых людзей страчаны, як да ўлады, так і да апазіцыі. Хоць у сувязі з нядаўнімі падзеямі давер да апазіцыі пачаў расці прапарцыйна падзенню даверу да ўлады. і калі мы як слонімскія актывісты хочам прынесці карысць людзям, якія жывуць побач з намі, мы павінны пераступіць праз свае амбіцыі і зрабіць гэта на карысць простых людзей», — адзначыў актывіст.

Акрамя гэтага, Віктар Марчык распавёў эпізод, які запомніўся яму больш за ўсё на «круглым стале».

«На круглым стале я ўнёс прапановы аб стварэнні рабочай групы на пастаяннай аснове з прыцягненнем з нашага боку спецыялістаў і экспертаў І пасля таго як скончыўся круглы стол, да мяне падышоў прадстаўнік сілавых структур з пытаннем: «Каго я прадстаўляю, што магу прыцягваць экспертаў?» Тады я сказаў, што прадстаўляю людзей, якія жывуць і працуюць у нашым рэгіёне, то было відаць што мой адказ не спадабаўся дадзенаму прадстаўніку ўлады. Адказ мяне ўразіў. Аказваецца, сілавыя структуры таксама прадстаўляюць народ. І гэта тыя, якія гэты ж народ спрабуюць задушыць. Уся сістэма краіны пабудавана на паборах з гэтага народа, а супрацоўнікі сілавых структур, выконваючы злачынныя законы і дэкрэты, ператварыліся ў бандытаў і забойцаў Ну, тады з якога боку яны могуць прадстаўляць НАРОД мне не зразумела...», — піша актывіст.

Нагадаем, у пачатку красавіка актывісты Слонімскага аб'яднання дэмакратычных сіл зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага: сесці за круглы стол, каб разам абмеркаваць сур'ёзныя праблемы, якія ўзніклі сёння ў грамадстве. «Мы ўстрывожаны рэзкім пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў Слонімскім раёне і ў цэлым у Беларусі. З кожным днём у грамадстве расце колькасць незадаволеных людзей той працай, якую праводзіць улада ўсіх узроўняў. Людзі хочуць пазітыўных пераменаў, хочуць быць упэўненымі ў заўтрашнім дні», — паведамлялася ў адкрытым лісце.

Адкрыты ліст старшыні Слонімскага райвыканкама падпісалі кіраўнікі грамадскіх арганізацый і партыйныя лідэры Слонімшчыны. Сярод якіх — Іван Бедка (БХД), Віктар Марчык (Слонімскі грамадскі цэнтр), Міхаіл Сашко (РЭП прафсаюз), Павел Савасьцян (БНФ), Алег Весялік (ГА БНФ) і іншыя.


Паводле belaruspartisan.org

Каментаваць