Уладальнік рэстарана ў Курапатах сустрэўся з Рыгорам Кастусёвым

22 чэрвеня ўладальнік рэстарана ў Курапатах Леанід Зайдэс падчас сустрэчы з лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і амерыканскім адвакатам Юрасём Зянковічам прапанаваў свае шляхі вырашэння канфлікту вакол Курапат. Па словах Кастусёва, Зайдэс выйшаў на яго праз сяброў.


Паводле Еўрапейскага радыё, бізнесовец прапанаваў тры шляхі вырашэння праблемы:

— уладальнік гатовы прадаць комплекс цалкам па балансавым кошце прадстаўніку грамадства, які выкарыстае забудову ў іншых мэтах,

— уладальнік гатовы ўкласці сто тысяч долараў у мемарыял Курапаты і змяніць фармат сваёй установы — з забаўляльнага на сямейны,

— уладальнік гатовы прадаставіць адзін з будынкаў комплексу для стварэння ў ім музея "Курапаты", перадаць грамадскай і палітычнай арганізацыі на баланс гэтае памяшканне. Адгарадзіць яго ад комплексу, забяспечваць камуналку, перафарматаваць комплекс з забаўляльнага ў сямейны.

"Хацелася б па максімуме скарыстацца магчымасцю і ператварыць гэтую ўстанову ў мемарыял Курапаты. Але я разумею, што сярод прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства не знойдзецца чалавека, які здолеў бы выкупіць гэты комплекс цалкам і перавесці яго ў фармат мемарыялу. Калі знойдзецца такі чалавек, альбо некалькі асоб, якія хацелі б укласці сродкі, то гэта быў бы самы ідэальны варыянт", — кажа Кастусёў у размове з Еўрарадыё.

На 29 чэрвеня запланавана вялікая сустрэча ўладальнікаў комплексу, абаронцаў Курапат і уладаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць