Улады адмовіліся размяшчаць у Віцебску шыльды з гістарычнымі назвамі вуліцаў

Віцебскія актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» сабралі каля 1000 подпісаў пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам з прапановай размясціць у цэнтры гораду шыльдачкі з гістарычнымі назвамі вуліцаў. Нядаўна атрымалі адказ.

Улады пішуць, што нанясенне гістарычных назваў “можа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей гораду…”, паведамляе vitebskspring.org.

Прапанова ўсталяваць шыльды з пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліцаў Віцебску – Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, Пушкіна, Путна, камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкай, Кірава, Шубіна, праспэкту Фрунзэ, а таксама плошчы Леніна.

Ініцыятары прапановы абапіраліся на досвед іншых беларускіх гарадоў, напрыклад Мінску, Горадні, Баранавічаў, Пружанаў ды іншых. На думку актывістаў, усталяванне шыльдаў са спрадвечнымі назвамі вуліцаў дапаможа захаваць Віцебску сваё гістарычнае аблічча, падкрэсліць сваё мінулае ды прывабіць турыстаў.

Не атрымалася.

“Гораду Віцебску ў гэтым годзе спаўняецца 1045 гадоў, падчас якіх гарадскія вуліцы неаднаразова змянялі свае назвы. Нанясенне ўсіх гістарычных назваў вуліц на аншлагі не будзе садзейнічаць падтрыманню адзінай канцэпцыі афармлення гістарычнай часткі гораду, зможа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей гораду”, – піша ў адказе актывістам “Альтэрнатывы” намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Якія нязручнасці гэта можа прынесці віцяблянам і гасцям гораду, чыноўнік не ўдакладняе.

Затое спасылаецца на тое, што выраб і ўстаноўка аншлагаў пацягне за сабой значныя фінансавыя выдаткі.

Стваральнік “Альтэрнатывы” Алег Корбан, каментуючы ў сацсетках адказ гарвыканкаму на калектыўны зварот, піша, што такія адпіскі чыноўнікі хай пакінуць сабе.

“Мы ж падкрэслівалі ў звароце, што, калі няма грошай у вашым бюджэце, – не праблема, назавіце суму для вырабу шыльдачак, мы хутка назбіраем. Дык не, высокія чыны гэтага не разумеюць, і не хочуць разумець… А гэтае рашэнне будзем абскарджваць, такія адпіскі хай пакінуць сабе”, – напісаў Алег Корбан.

Між тым, намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын абяцае ў адказе, што “прапанова аб усталяванні шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліцаў прынятая да ўвагі і будзе ўлічаная ў працы”.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!