Улады Брэста адмовіліся праводзіць абяцаны рэферэндум аб закрыцці акумулятарнага завода

Меркавалася, што ён пройдзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Далейшага развіцця тэма не атрымала», сцвярджае ў адказе на зварот актывіста Дзмітрыя Бекалюка намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Генадзь Барысюк, піша svaboda.org.


Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Брэстам. За два кіламетра — рака Мухавец. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназавала, што ўздзеянне завода на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Пратэсты супраць акумулятарнага завода ў Брэсце трываюць ад пачатку 2018 года, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасць «бруднай» і небяспечнай, заяўляюць пра парушэнні працэдураў будаўніцтва.

Адказ Генадзя Барысюка на запыт Дзмітры Бекалюка апублікавала Еўрарадыё.

Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Брэсце. ​Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджанні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.

Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць завода ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 года. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве завода.
У траўні 2018 года актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Брэста, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Брэсцкага рэгіёну і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад завода».

У верасні 2018 года на будоўлі заводу выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.

У чэрвені 2019 года падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэнне забруджвальных выкідаў у атмасфернае паветра.

14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, у Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакументацыю паўторна падалі на экспертызу, але пазней кампанія адклікала дакументы «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах».

24 лютага 2020 году праектную дакументацыю акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Грамадская экспертыза, якую даручаў правесці Лукашэнка, правалілася.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: