Улады хочуць пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтр паміж Курапатамі і «Экспабелам»

У якасці найбольш прыдатнай пляцоўкі для будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра, які Лукашэнка даручыў стварыць да 2021 года, урад вызначыў ўчастак каля «Экспобела». Пра гэта паведамілі ў эфіры СТБ. Журналісты TUT.BY прыкінулі, дзе ён там можа размясціцца, і знайшлі толькі адно свабоднае месца — паміж «Экспабелам» і Курапатамі.
Малюнак: карты «Яндэкс»

Малюнак: карты «Яндэкс»

Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада па пытаннях будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра (НВЦ), які ён даручыў пабудаваць да 2021 года. Урад прапанаваў розныя пляцоўкі пад будучы павільён, але ў якасці больш прыдатнай была абраная тэрыторыя ў раёне «Экспабела», паведамілі ў эфіры СТБ. Давайце паглядзім, дзе ў гэтым раёне ёсць вольнае месца пад будаўніцтва комплексу на 20-30 тысяч «квадратаў», якім запланаваны НВЦ.

Улічваючы тое, што нядаўна адзін вялікі кавалак зямлі ў гэтым раёне быў вылучаны пад забудову МАПІДа, то тут застаўся ўсяго адзін свабодны ўчастак пад размяшчэнне буйнога аб'екта. І ён знаходзіцца паміж «Экспабелам» і Курапатамі. Участак пазначаны чырвоным.

Малюнак: канструктар карт «Яндэкс»

Малюнак: канструктар карт «Яндэкс»

Сінім вылучаны ўчастак МАПІДа, жоўтым — месца, дзе ўжо пабудаваны і хутка адкрыецца гіпермаркет ОМА.

Малюнак: канструктар карт «Яндэкс»

Зараз на зямлі паміж Курапатамі і «Экспабелам» растуць сельгаскультуры. Адзначым, што пабудаваць выставачны цэнтр у гэтым месцы планавалі яшчэ раней, але пазней ад гэтай задумкі адмовіліся.




Па выніках нарады Лукашэнка прапанаваў яшчэ раз прапрацаваць прапанаваны праект з улікам эканоміі і патаннення. Зараз ён запланаваны як комплекс, які ўключае сам павільён, кангрэс-хол і бізнес-цэнтр.

— Цэнтр не павінен быць палацавым. Гэта павінен быць функцыянальны цэнтр з усімі будынкамі і памяшканнямі для правядзення такіх мерапрыемстваў. Каб гэты цэнтр быў танным, не трэба нічога мудраваць. Ён, вядома, павінен быць вонкава прыгожым, але гэта не значыць, што мы павінны плаціць шалёныя грошы. Таму трэба зрабіць проста і прыгожа, дыхтоўна, якасна. Лішніх марнаванняў быць не павінна. Падрыхтуйце праектную прапанову і ўнясіце мне для азнаямлення, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Станіслаў Шаршукоў, tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!