Улады: Курапаты знаходзяцца пад аховай дзяржавы

Гістарычна-культурная каштоўнасць першай катэгорыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» (Мінскі раён) знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Пра гэта адзначаецца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Рыгора Шлыка на зварот грамадскасці «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!».

Зварот — рэакцыя грамадскасці на рашэнне кіраўніка краіны аб пабудове Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узвесці функцыянальны, просты, прыгожы і якасны комплекс без лішніх выдаткаў.

«Паколькі ў гэтым месцы ляжаць тысячы нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!».

На думку аўтараў звароту, апошнія падзеі ў Курапатах, у тым ліку планы ўзвесці на полі паміж урочышчам і «Экспабелам» НВЦ, сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.

«Мы лічым, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На нашае меркаванне, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ», — гаворыцца ў звароце.
Аўтары звароту акцэнтуюць увагу на наступным:

1. Каб перадаць Курапаты нашчадкам у гістарычным атачэнні, неабходна захаваць старадаўняе поле на ўсход ад урочышча з яго ландшафтам, грунтавой «Дарогай смерці» і краявіднымі пунктамі. Дарэчы, гэтае поле — апошняе, што ў сваім жыцці бачылі ахвяры, само з’яўляецца кранальным помнікам і мае поўнае права на ўключэнне ў склад гістарычна-культурнай каштоўнасці. Аднак узвядзенне НВЦ парушыць звычны выгляд гістарычнага поля.
2. На полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» зусім невялікая прастора для будаўніцтва НВЦ нават без уліку перспектывы ягонага пашырэння — усяго толькі 20 гектараў.
3. У звязку з пазначаным вышэй існуе небяспека парушэння ўсходняй мяжы ахоўнай зоны Курапатаў з «Дарогай смерці», тым болей, што прывязка гэтай мяжы да мясцовасці зроблена неадназначна і патрабуе выпраўлення.
4. Праект НВЦ супярэчыць абмежаванням абранай будаўнічай пляцоўкі. Яна знаходзіцца ў зоне рэгулявання забудовы, дзе забараняецца, між іншым, размяшчэнне збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны. Апроч таго, зона рэгулявання забудовы абмяжоўвае маштаб забудовы на тэрыторыях, прылеглых да Курапатаў, дзеля захавання асноўных старадаўніх пунктаў візуальнага ўспрымання гэтага помніка мінуўшчыны.
5. Будаўніцтва і эксплуатацыя НВЦ — дадатковы фактар моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча Курапаты апроч існуючых — МКАД і Заслаўскай шашы.
6. Размяшчэнне НВЦ побач з мемарыялам непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, істотна абмяжуе віды мерапрыемстваў, якія магчыма і этычна праводзіць для гасцей выставачнага цэнтру, у прыватнасці замежных.
7. Размяшчэнне НВЦ каля месца смутку і пакаяння прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай гісторыі.
8. Такім чынам, на наш погляд, абранае для будаўніцтва НВЦ месца не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню абодвух складнікаў — як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру.

Грамадскасць просіць улады перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і пакінуць поле паміж
Курапатамі і «Экспабелам», як месца нацыянальнай памяці.

У сваім адказе Рыгор Шлык выказаў удзячнасць падпісантам звароту за неабыякавае стаўленне да сацыяльна-значных працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, актыўную грамадзянскую пазіцыю ў пытаннях захавання памяці аб загінулых у Курапатах.

Разам з тым, як зазначаецца ў адказе, праектам зон аховы Курапатаў у адпаведнасці з устаноўленым рэжымам іх утрымання і выкарыстання вызначаны парадак будаўніцтва на тэрыторыях самой каштоўнасці і яе зон аховы.

Падпісанты звароту прасілі галаву Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлю Качанаву пра сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці. Як паведаміў Рыгор Шлык, улічваючы насычаны графік працы кіраўніцы Аэміністрацыі Прэзідэнта «арганізаваць і правесці сустрэчу ў бліжэйшы час не прадстаўляецца магчымым».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!