«Улады не кіруюцца ніякімі законамі і робяць, што хочуць». Як у СІЗА Беларусі трымаюць цяжкахворых

Анкалогія і дыябет… Пра тое, як ставяцца ў беларускіх СІЗА да цяжкахворых, ці аказваюць неабходную дапамогу, распавялі www.dw.com родныя траіх палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі, нягледзячы на сур'ёзныя захворванні.
Будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску

Будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску

«Тая дапамога, якую аказваюць майму бацьку, абсалютна недастатковая. Прызначаныя ў СІЗА прэпараты яму не дапамагаюць, сімптомы толькі пагаршаюцца», — кажа Кацярына Кастусёва, дачка кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, у якога падазраюць анкалогію. Апазіцыянера затрымалі па справе аб замаху на Аляксандра Лукашэнку, ужо амаль паўгода ён утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Праблемы са здароўем ёсць і ў іншых палітвязняў — у экс-журналісткі «Белтэлерадыёкампаніі» Ксеніі Луцкінай расце пухліна ў мозгу, а ў журналіста «Нашай Нівы» Андрэя Скурко — інсуліназалежны дыябет. Ці атрымліваюць палітвязні з цяжкімі захворваннямі ўсю неабходную дапамогу ў СІЗА і чаму іх не пераводзяць пад хатні арышт? 

У Кастусёва падазрэнне на анкалогію, але вынікі аналізаў не паведамляюць

Як кажа дачка беларускага палітыка, праблемы са здароўем у 64-гадовага Рыгора Кастусёва былі і да арышту, але не ў такой вострай форме, як цяпер. «Бацька ў СІЗА адчувае сябе вельмі дрэнна, яго мучыць боль, ён дрэнна спіць, абязбольвальныя мала дапамагаюць. Акрамя таго, ад вялікай колькасці лекаў пачаліся праблемы з ныркамі, а нядаўна ён яшчэ і на каронавірус перахварэў», — распавядае пра самаадчуванне бацькі, у якога падазраюць рак, Кацярына Кастусёва.

Лідара БНФ рэгулярна возяць на абследаванне і бяруць аналізы, аднак іх вынікі ні Кастусёву, ні сваякам не паведамляюць. «Я пісала звароты наконт лячэння бацькі ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП), СІЗА КДБ і Міністэрства аховы здароўя. У ДВП адказалі, што гэта не іх падведамная арганізацыя, ад Міністэрства аховы здароўя змястоўнага адказу не атрымала. А з СІЗА КДБ прыйшоў адказ, што бацька атрымлівае комплекснае лячэнне, маўляў, што вы яшчэ ад нас хочаце», — распавядае ягоная дачка.

Сам палітвязень у сваіх лістах з СІЗА адзначае, што ўвага да ягонага здароўя ёсць, але для паляпшэння сітуацыі яму патрабуецца аперацыя. «Прасіўся на хатні арышт, хоць бы аперацыю зрабіў. Але ніхто не слухае. Тут мяне зноў вазілі на абследаванне, ёсць хваляванні за маё здароўе. Але без аперацыі праблема не вырашыцца, боль не праходзіць», — цытуе ліст бацькі Кацярына. Паводле яе слоў, аперацыю бацьку абяцалі яшчэ пасля абследавання ў ліпені, але да гэтага часу нічога не зроблена.

На ўсе звароты аб змене меры стрымання на хатні арышт Кастусёў атрымаў адмову. «12 кастрычніка заканчваецца тэрмін арышту, што будзе далей, ці будуць падаўжаць, я не ведаю, тут немагчыма прадказаць. Улады не кіруюцца ніякімі законамі і робяць, што хочуць. Хацелася б, каб усё вырашылася хутка і на яго карысць, але пакуль мы ў падвешаным стане», — кажа Кацярына Кастусёва. 

У журналісткі Ксеніі Луцкінай расце пухліна ў мозгу

Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе яна ўтрымліваецца дзявяты месяц, пастаянна мучыць галаўны боль праз рост пухліны ў мозгу. Яна — адзіная зняволеная па справе прэс-клуба Беларусі, якую не памілавалі, а наадварот, пакінулі ў турме з новым абвінавачаннем па яшчэ адным артыкуле.

Як распавядае бацька журналісткі Алег Луцкін, у 2012 годзе Ксеніі правялі аперацыю: «Было 3 пухліны ў мозгу, 2 выдалілі, а яшчэ адну не змаглі, гэта было небяспечна. Таму кожны год мы робім МРТ і правяраемся ў Інстытуце нейрахірургіі».

Паводле яго слоў, у СІЗА яе некалькі разоў вазілі на МРТ, і ў параўнанні з часам да арышту пухліна значна вырасла: «Ёй патрэбна кансультацыя профільных спецыялістаў, якіх у СІЗА няма».

Акрамя таго, з-за холаду ў турме ў Ксеніі абвастрыўся бранхіт, але дзякуючы перададзеным бацькам лекам ён трохі стаў слабець: «Дачку кожны дзень водзяць на абязбольвальныя ўколы ў медчастку СІЗА. А я ёй нашу ў перадачах таблеткі кожны тыдзень, якія яе падтрымліваюць — галава ёй баліць пастаянна». Аднак бацька падкрэслівае, што Ксенія стараецца трымацца бадзёра.

Усе дакументы, якія тычацца здароўя Ксеніі Луцкінай, ёсць у следчага, адвакат неаднаразова пісаў прашэнне аб змене меры стрымання, але ў адказ дасылалі толькі адмову, кажа Алег Луцкін: «Я таксама пішу заяву на спатканні, за час арышту ні разу яе не бачыў — мне заўсёды адмаўляюць "у інтарэсах следства"». 

У Скурко дыябет, але яму адмаўляюць у пераводзе пад хатні арышт

Асаблівае лячэнне ў СІЗА патрабуецца і яшчэ аднаму палітвязню — кіраўніку аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы», аўтару часопіса «Наша гісторыя» Андрэю Скурко, які быў затрыманы ў ліпені і абвінавачваецца ў нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадвання групай асоб (ч. 2 арт. 216 КК)

У журналіста — цукровы дыябет, таму ён мае патрэбу ў інсуліне, дыеце і вялікай колькасці руху. Жонка Андрэя Скурко, Паўліна, распавядае, што больш за ўсё перажывала за яго ў першыя 15 дзён утрымання ў ізалятары на Акрэсціна, дзе палітвязням ствараюць проста невыносныя ўмовы: «Ён тады моцна захварэў, то пнеўманія, то каронавірус, а лячылі ўсяго толькі парацэтамолам. Мы тады яму перадавалі інсулін, і я перажывала, што з-за спякоты ў +35 градусаў лекі сапсуюцца, калі іх не захоўваць у халадзільніку».

Пасля пераводу ў СІЗА, як распавядае жонка, Андрэя Скурко змясцілі ў медчастку, зрабілі рэнтген, ставілі кропельніцы — мабыць, ён дрэнна выглядаў. «Цяпер мне крыху спакайней: у СІЗА ёсць бальніца, лекары, і інсулін трымаюць у халадзільніку — чатыры разы на суткі яго водзяць туды рабіць уколы». Таксама журналісту прапісалі дыету і дадаткова даюць яйкі з малаком, хоць сама ежа ў ізалятары з-за вялікай колькасці вугляводаў яму не падыходзіць. Таму Андрэй абмяжоўвае сябе ў ежы і спрабуе больш рухацца, наколькі гэта наогул магчыма ў цеснай камеры.

У цэлым, Паўліна Скурко лічыць, што яе мужу не даюць мінімальную дапамогу, але ўсе хадайніцтвы пра перавод пад хатні арышт, як і ў іншых палітвязняў, адхілялі. «Нібыта ён можа ўздзейнічаць на сведак, схаваць доказы — там цэлы спіс прычын. Наогул, у яго яшчэ бацькі састарэлыя і нашаму сыну паўтара года — гэта таксама павінна быць змякчальнымі абставінамі. Але гэта, вядома, у сітуацыі справядлівасці і ў нармальнай сістэме, а не ў нашай», — наракае жонка Андрэй Скурко.

Пареклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: