Улады прыдумалі спосаб зацягнуць праверкі па заявах аб бязмежжы сілавікоў

Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць, што змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазволяць расцягнуць праверкі на большы за паўгода тэрмін. А з матэрыяламі заяўнікаў змогуць знаёміць толькі пасля заканчэння праверак.


Па інфармацыі адваката, рыхтуюцца законныя падставы для таго, каб не правяраць дзеянні сілавікоў і не заводзіць справы за збіцце мірных пратэстоўцаў, піша Радыё Свабода са спасылкай на фэйсбук Сяргея Зікрацкага.

Ён адзначыў, што адвакаты рэкамендавалі пацярпелым падаваць заявы ў следчыя органы аб завядзенні крымінальнай справы. Пры гэтым юрысты разумелі, што следчыя органы могуць зацягваць прыняцце рашэння, аднак была ўпэўненасць, што аднойчы рашэнне будзе, бо Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае тры месяцы на праверку.

Хоць спыненне праверкі таксама прадугледжана законам, але таксама не большым за тры месяцы тэрмінам. Таму па выніках шасці месяцаў адвакаты са сваімі кліентамі спадзяваліся атрымаць альбо пастанову аб пачатку справы, альбо аб адмове. У выпадку адмовы можна было азнаёміцца з матэрыяламі праверкі і абскардзіць яе вынікі.

Але цяпер улады прыдумалі спосаб ухіліцца нават ад гэтага.

«Мы не ўлічылі адну дэталь — правілы могуць змяніцца падчас гульні. Мой калега Міхаіл Баднарчук прааналізаваў змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс ад 6 студзеня 2021 года: прадугледжана права прыпыняць праверку на тэрмін звыш трох месяцаў, пры гэтым максімальны тэрмін не ўстаноўлены», — піша Зікрацкі.

Баднарчук асабліва вылучыў парадак уступлення ў сілу гэтых зменаў. Абсалютная большасць уступіць у сілу з 14 красавіка, а вось норма, якая дае права прыпыняць праверку на тэрмін больш за тры месяцы ўжо ўступіла ў сілу 14 студзеня.

«Каб вы разумелі: 6-месячны тэрмін з моманту падзеяў 9-11 жніўня 2020 мусіць скончыцца 9-11 лютага 2021 года», — удакладніў Сяргей Зікрацкі.

Яшчэ адна дэталь, на якую звярнуў увагу адвакат, гэта тое, што «на думку праваахоўных органаў, заяўнікі не маюць права знаёміцца з матэрыяламі праверкі да яе заканчэння». Менавіта таму маці Рамана Бандарэнкі і яе адвакат да цяперашняга часу не ведаюць зместу матэрыялаў праверкі па гібелі мужчыны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: