Улады разглядаюць магчымасць вынасу за межы горада часткі МТЗ

Некаторыя цэхі Мінскага трактарнага завода будуць вынесены за межы гораду, калі не атрымаецца ўрэгуляваць іх шкодныя выкіды.
Кампанія за перанос ліцейных цэхаў Мінскага трактарнага завода за межы горада, была абвешчаная каардынатарам Руху «За Свабоду» ў Мінску Віктарам Янчурэвічам. Ён перадаў у Мінгарвыканкам больш за 200 сабраных у падтрымку ідэі подпісаў.

«У горадабудаўнічным праекце, які знаходзіцца на стадыі ўзгаднення, запланавана дзеля паляпшэння экалагічнай сітуацыі выканаць мадэрнізацыю тэхналогіі вытворчасці і тэхнічнае перааснашчэнне прамысловых прадпрыемтстваў, у тым ліку ААТ „Мінскі трактарны завод“», — сказана ў адказе за подпісам першага намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Фёдара Рымашэўскага.

Мэтай гэтай працы, адзначаюць улады, з’яўляецца скарачэнне на заводзе да нарматыўных параметраў выкідаў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе.

«У выпадку немагчымасці дасягнення нарматыўных паказчыкаў прапаноўваецца прадугледзіць вынас за межы Мінска асобных этапаў вытворчасці, у тым ліку ліцейных цэхаў, ці цэлых прадпрыемстваў на разліковы перыяд — да 2030 года», — заключыў Рымашэўскі.

«Жаданне ўладаў займацца праблемай выкідаў ліцейных цэхаў МТЗ абнадзейвае. Але нават яны прызнаюць, што выкіды ад прадпрыемства з’яўляюцца звышнарматыўнымі», — пракаментаваў сайту Pyx.by адказ Віктар Янчурэвіч.

Па ягоных словах, ліцейныя цэхі МТЗ — «гэта шкодная вытворчасць, пражыванне побач з якой нясе пэўныя пагрозы для здароўя насельніцтва, таму адкладанне вырашэння гэтай праблемы да 2030 года азначае тое, што яшчэ доўгі час будзе небяспека для здароўя гараджан.

«Лічу што варта аб’яднаць высілкі гараджанаў для ціску на ўлады з мэтай паскарэння рэальных крокаў па паляпшэнню экалагічнай сітуацыі у раёне Трактарнага заводу», — заключыў мінскі гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду».

Нагадаем, што працягваецца збор подпісаў пад электронная петыцыяй у падтрымку кампаніі. Пакінуць свой подпіс можна тут.


Паводле pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: