Улады рэкамэндуюць музеям Градзеншчыны ўшанаваць 100-годдзе БНР

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і ў справах моладзі Гродзенскага аблвыканкаму разаслала лісты ва ўсе раённыя музеі з рэкамендацый правесці творчыя мерапрыемствы да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка, паведамляе "Радыё Свабода"

Тое, што такія лісты з ідэалагічнага аддзелу атрыманыя, “Радыё Свабодзе” пацвердзілі адразу ў некалькіх музеях. Дырэктарка Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея Ала Суята сказала, што яны не могуць зрабіць канкрэтную экспазіцыю да 25 сакавіка, паколькі не маюць для гэтага адпаведных экспанатаў.

«Але лекцыю пра гісторыю БНР з мультымедыйнымі матэрыяламі 25 сакавіка мы збіраемся правесці», — запэўніла дырэктарка музею.

У Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музеі 25 сакавіка сумесна з мясцовай суполкай ТБМ збіраюцца зладзіць літаратурную вечарыну, прысвечаную 100-годдзю БНР.

«Плануем, што, акрамя гістарычнай лекцыі, у нас будуць гучаць вершы, прысвечаныя БНР, а таксама песні», — сказала “Радыё Свабода” старшая навуковая супрацоўніца музею Галіна Кавальчук.

У Ашмянскім музеі дырэктарка Настасся Навіцкая патлумачыла, што ліст з аблвыканкаму наконт святкавання 25 сакавіка яны атрымалі, але ў межах гадавога плану раённая бібліятэка ўжо падрыхтавала выставу кніг: «Беларуская Народная Рэспубліка ў кантэксце гісторыі беларускай дзяржаўнасці».

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі імпрэзы да 25 сакавіка ладзяць сумесна з сябрамі ТБМ. Станіслаў Суднік, сябра Таварыства беларускай мовы, сказаў “Свабодзе”, што першапачаткова грамадскія актывісты планавалі адзначыць у Лідзе 100-годдзе БНР 22 сакавіка, каб 25-га наведаць свята ў Менску.

«Калі я пайшоў да мясцовых уладаў з просьбай даць для гэтага памяшканне, то мне адказалі, што 100-годдзе БНР у Лідзе будзе адзначацца 25 сакавіка і праводзяць яго мясцовыя органы ўлады. Я, зразумела, быў прыемна здзіўлены, бо сказалі, што нават і сімболіка БНР будзе прысутнічаць», — распавядае Суднік.

Святочныя падзеі да 100-годдзя БНР рыхтуюцца і ў Гродна. Ініцыятарамі выступілі прадстаўнікі апазіцыйных партый, улады абяцалі ім спрыяць падрыхтоўцы ўрачыстых імпрэзаў.

 www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!