Улады ўсведамляюць: тое, што яны робяць — гэта шлях у тупік, — гісторык Пашкевіч

Няма фармальнага ўвядзення ваеннага становішча, але яно існуе фактычна, бо ўсе грамадзянскія правы адмененыя. Улада загнаная ў кут, ёй нічога не застаецца, акрамя рэпрэсіяў, каб проста захавацца, распавёў «Свабодзе» гісторык Алесь Пашкевіч.

Гісторык Алесь Пашкевіч адказвае на пытанне, якія гістарычныя паралелі можна правесці з сітуацыяй у сённяшняй Беларусі, аналізуе, як беларускае грамадства можа адказаць на рэпрэсіі, і тлумачыць, чаму ва ўладаў не застаецца добрага выбару.

— Можна назіраць, што ўлады найбольш абсурду і бязглуздзіцы праяўляюць менавіта ў змаганні з сімваламі. Караюць за бел-чырвона-белую каробку на балконе, саджаюць на суткі за шкарпэткі няправільнага колеру, перафарбоўваюць трубы. Чаму самая зацятая барацьба ідзе менавіта з сімваламі?

— Кожная аўтарытарная ўлада змагаецца на сімвалічным полі. Бо гэтымі сімваламі сябе абазначаюць праціўнікі ўлады, а ўлада хоча здушыць любы супраціў. Такія неадэкватныя дзеянні маюць на мэце пасеяць татальны страх, каб людзі палічылі, што няма бяспечных формаў супраціву. Што за любую бяскрыўдную праяву будуць хапаць. Даецца сігнал, што лепш ніяк не праяўляць свае погляды — толькі тады вы будзеце ў бяспецы. Улады імкнуцца да татальнага кантролю над грамадствам.

— Улады не даюць выдавацца не толькі незалежным газетам, але і дзіцячым часопісам, да якіх вы маеце дачыненне. Тут з чым улады змагаюцца? З беларускай мовай, з любой праявай культуры?

— Калі казаць канкрэтна пра нашы дзіцячыя часопісы, то яны проста трапілі пад раздачу «за кампанію» з часопісам «Наша гісторыя». Бо гэта выдае адна і тая ж арганізацыя, гучна кажучы, «холдынг», аб’ядананы вакол сайта «Нашай Нівы». Гэтыя рэпрэсіі хутчэй мелі на мэце падарваць фінансавы стан выдаўцоў. «Наша гісторыя» мае даволі вялікі наклад, прыносіць прыбытак, а ўладам хочацца, каб усе гэтыя выданні, якія яны лічыць непажаданымі, ледзь зводзілі канцы з канцамі.

Але вядома, што іншы чыннік таксама мае месца: недзяржаўныя выданні, якія маюць пазіцыю, якія выдаюцца на беларускай мове — усё гэта ўспрымаецца як пэўная ідэалагічная крамола. Улада б’е па ўсіх, хто высоўваецца, хто нейкім чынам вылучаецца з шэрай масы.

— Людзям заўсёды ўласціва праводзіць нейкія гістарычныя паралелі, параўноўваць сітуацыю ў сваёй краіне з іншымі. З чым вы як гісторык найперш знаходзіце падабенства ў Беларусі 2020–2021 года?

— Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта становішча ў Польшчы на пачатку 1980-х. Быў магутны грамадскі ўздым, актыўна дзейнічаў прафсаюз «Салідарнасць», у яго ўваходзілі мільёны, здавалася, што камуністычныя ўлады асуджаныя. Але потым было ўведзена ваеннае становішча, адбылася замарозка грамадства. Публічнае нездавальненне ўдалося з вуліц прыбраць, аднак людзі не змянілі свайго негатыўнага стаўлення да ўладаў і чакалі свайго часу.

Таксама падабенства ў тым, што за спінамі тагачаснага польскага рэжыму стаяў СССР, які аказваў яму ўсялякую падтрымку.

У нас адбываецца прыблізна тое самае. Уздым скончыўся рэакцыяй, улады рэпрэсіямі загналі нездавальненне ўнутр. Няма толькі фармальнага ўвядзення ваеннага становішча, але яно існуе фактычна, бо ўсе грамадзянскія правы адмененыя. І за плячыма Лукашэнкі стаіць Расія, якая не дапускае, каб пажаданы ёй рэжым быў зрынуты.

Таксама нейкія паралелі можна знайсці з першай паловай 1930-х гадоў, калі сталінскі рэжым умацоўваўся, калі пачаліся першыя масавыя працэсы, калі людзей сталі саджаць па турмах на выдуманых падставах. Але яшчэ каток вялікага тэрору не разгарнуўся, не было масавых расстрэлаў.

У нас цяпер таксама ўмацоўваецца таталітарны і карны рэжым, і будзем спадзявацца, што ва ўмовах сённяшняга свету гэта не можа скончыцца такім жахам, як у СССР у 1930-я гады. Але ўлады сваімі заявамі, рыторыкай паказваюць, што самі яны гатовыя разгарнуць шырокамаштабны тэрор з рэкамі крыві.

— Ну дык яны хацелі б разгарнуць тыя рэпрэсіі яшчэ ў канцы 90-х, калі пачалі знікаць апазіцыйныя палітыкі і калі незадаволеных было меней. Проста ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, ва ўмовах непрымання гэтай улады большасцю, у пэўных міжнародных абставінах гаварыць пра паўтарэнне 1930-х наўрад ці варта...

— Безумоўна, таму я і назваў гэта другой аналогіяй, і зразумела, што поўныя паралелі тут не пасуюць. Сённяшні беларускі рэжым не грунтуецца на нейкай трывалай ідэалогіі, не карыстаецца падтрымкай грамадства — таму, безумоўна, я спадзяюся, што такіх сцэнараў удасца пазбегнуць.

Я б не сказаў, што ўлады ў канцы 90-х ужо хацелі будаваць таталітарны рэжым. Бо тады яшчэ была падтрымка грамадства, быў эканамічны рост, былі магчымасці будаваць рэжым на іншых падставах, без крайнасцяў. Але цяпер улада загнаная ў кут, ёй нічога не застаецца, акрамя рэпрэсіяў, каб проста застацца ўладай. Цяпер самі яны гатовыя пайсці ў тэроры і рэпрэсіях максімальна далёка. Пытанне ў тым, наколькі гэта дазволяць унутраныя і знешнія чыннікі.

— Я б узгадаў яшчэ адзін гістарычны момант. Я ў свой час прачытаў, што пасля адносна малакроўнай буржуазнай лютаўскай 1917 году рэвалюцыі ў Расіі народ у Санкт-Пецярбургу кінуўся ўчыняць суд Лінча над гарадавымі і іншымі паліцэйскімі чынамі, дзясяткі паліцыянтаў былі забітыя. Любая рэвалюцыя становіцца тым больш жорсткай, чым больш улады супраціўляюцца пераменам. З гэтага гістарычнага гледзішча як можна ацаніць беларускую сітуацыю?

— Думаю, улады ў глыбіні душы ўсведамляюць, што тое, што яны робяць, — гэта шлях у тупік. Грамадства, загнанае ў кут, будзе так ці іначай адбівацца. А змяніць нешта ў мазгах людзей немагчыма, бо сёння ў Лукашэнкі няма ніякага пазітыўнага парадку дня, народная любоў ужо не вернецца.

Што зараз адбываецца? Да катла, які кіпіць, прымацоўваецца накрыўка, якая рана ці позна выбухне. І гэта ўжо не будзе тым мірным пратэстам, які быў у 2020 годзе. Памятаючы, што за цалкам мірны пратэст была расправа, — людзі другі раз ужо будуць выходзіць як на апошні бой. Вельмі верагодна, што гэтая накрыўка сарвецца і ўсё выйдзе з берагоў.

Але ўлады не могуць дзейнічаць па-іншаму, перайсці на мякчэйшыя пазіцыі. Бо ў жніўні-верасні 2020 года імі быў зроблены выбар на карысць рэпрэсіяў. Тады была такая развілка, калі яшчэ можна было, паглядзеўшы на тое, што адбываецца, на гэтае масавае непрыманне рэжыму — можна было пачаць мірны транзіт улады, нават паводле сваіх правілаў.

Але было прынята рашэнне зрабіць стаўку на сілу, і цяпер Лукашэнка і сілавыя структуры — проста закладнікі таго рашэння. Столькі за гэты час наварочана, столькі зроблена злачынстваў — і цяпер не выпадае разлічваць на тое, што можна адкруціць назад, «перагарнуць старонку». Думаю, улады адыходзіць назад не будуць, таму можна прагназаваць, што развязка будзе не зусім мірная.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: