Улады выкарыстоўваюць афіцэраў спецназа Мінабароны для разгону дэманстрацый?

Неаднаразова ўжо людзі ідэнтыфікоўвалі розныя падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў: АМАП, ППСМ, Алмаз, САХР, ГУБАЗіК, а таксама Унутраныя войскі.

Фота: Дзяніс Буркоўскі, TUT.BY


Таксама ў разгонах першых дзён пасля выбараў, верагодна, удзельнічалі ветэраны спецназа пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Паўлічэнкі: іх ведамасную прыналежнасць вызначыць цяжка, калі яна ўвогуле ёсць.

Яшчэ «Нашай Ніве» стала вядома прынамсі пра аднаго курсанта Інстытута пагранічнай службы, які атрымаў траўму пры разгоне дэманстрацый 9-11 жніўня.

Але, выглядае, што ў разгонах удзельнічаюць таксама і супрацоўнікі Міністэрства абароны, а канкрэтна — асобныя афіцэры сіл спецыяльных аперацый з 5-й асобнай брыгады ў Мар’інай Горцы.

На гэта паказвае, найперш, тэхніка на вуліцах Мінска, якая знаходзіцца ў распараджэнні толькі ССА — джыпы DongFeng Mengshi.

Далей, спецыфічныя армейскія бронекамізэлькі і каскі, якімі звычайна не карыстаюцца ў міліцыі.

Фота: president.gov.by


Звярніце ўвагу на асаблівасці шлемаў байцоў: спецыфічная форма з адкрытым вухам, якая дазваляе дадаткова абараніцца ад акустычных траўм, а таксама ліпучая разметка. Яна выкарыстоўваецца для навешвання маскіруючых ці апазнавальных знакаў. Фота зроблена на базе спецназа ў Мар’інай Горцы, падчас наведвання часці Лукашэнкам.

А цяпер параўнайце гэтыя шлемы з тым, якія надзеты на чалавеку ў цывільным, які вядзе затрыманага ва Уруччы 27 верасня. Імаверна, гэта аднолькавы шлем.

Фота Надзеі Бужан


Вось яшчэ адно фота з Нямігі, якое ілюструе супадзенне амуніцыі:

Фота Надзеі Бужан


На відэа, знятым у адным з мінскіх двароў 20 верасня людзі ў цывільным, але з вайсковымі шлемамі і бронекамізэлькамі (ці ёсць там бронепласціны — невядома) даволі нервова гавораць паміж сабой і, падаецца, лаюцца. У час сваркі чутны мянушкі, па якіх яны звяртаюцца адзін да аднаго: «Макар» і «Глыба».

Чытачы «Нашай Нівы» з ліку вайскоўцаў звярнулі ўвагу, што гэтыя мянушкі супадаюць з мянушкамі асобных афіцэраў першага асобнага атрада мар’інагорскай брыгады спецназа.

Вядомыя і меркаваныя імёны гэтых людзей, «Наша ніва» гэтую інфармацыю перадала ў прэс-службу Мінабароны і папрасіла пацверджання інфармацыі аб удзеле байцоў армейскага спецназа ў падаўленні пратэстаў праціўнікаў Лукашэнкі.

Ні пацвярджаць, ні абвяргаць інфармацыю ў Мінабароны не сталі, пакінуўшы пытанне без адказу.

Паводле звестак журналістаў, байцы Сіл спецыяльных аперацый бралі ўдзел у паліцэйскіх аперацыях супраць дэманстрантаў і ўдзельнікаў руху за грамадзянскія правы ў некаторых рэгіянальных гарадах. Некаторых з іх апазнавалі дэманстранты.

ССА лічацца элітай беларускага войска, а першы асобны атрад з 5-й АБСП — элітай эліт.

Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: