Улады завышаюць колькасць прышчэпленых беларусаў амаль на 40%

Афіцыйныя даныя ўлад Беларусі наконт колькасці прышчэпленых істотна супярэчыць звесткам расйскага ўрада пра аб’ёмы вытворчасці вакцыны ад каронавіруса.

Вакцына «Спутник V» / Фота Мінабароны РФ

Вакцына «Спутник V» / Фота Мінабароны РФ


Зыходзячы са звестак з адкрытых крыніц, да канца лета ў Беларусі было мінімум 2,87 млн ​​доз двухкампанентных вакцын (каб цалкам прышчапіць чалавека, такіх уколаў трэба два). Грунтуючыся на заявах Аляксандра Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, журналісты падлічылі, што з гэтых 2,87 млн ​​у Беларусі да канца лета вырабілі мінімум 2,26 млн доз вакцыны «Спутник V». Астатняе — пастаўкі з іншых краін (Кітая, ААЭ і Расіі).

29 жніўня Міністэрства аховы здароўя заявіла, што 1 мільён 330 тысяч беларусаў прышчэпленыя дзвюма дозамі, яшчэ 290 тысяч — адной. Каб прышчапіць такую колькасць людзей, трэба было нават больш вакцыны, чым паводле мінімальнай планкі было выраблена — 2,95 млн доз. Магчыма, у Беларусі вырабілі да канца лета трохі больш, бо Лукашэнка заяўляў, што «"Белмедпрэпараты" штотыдзень пастаўляюць не менш за 90 тысяч доз "Спутник V"».

Аднак у матэрыялах прэс-службы ўрада РФ, падрыхтаваных да візіту ў Мінск прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусціна 10 верасня, сцвярджаецца, што на «Белмедпрэпаратах» выпусцілі «каля 1,5 млн доз». Гэтыя лічбы ўсё мяняюць. Нават калі выказаць здагадку, што гэтая колькасць не ўлічвае восеньскую вытворчасць, атрымліваецца, што да канца лета ў Беларусі было толькі каля 2,11 млн доз вакцыны. Гэтага б хапіла, каб прышчапіць двума кампанентамі максімум 1,055 мільёна чалавек. Адну дозу пры такім падыходзе не атрымаў бы ніхто.

Калі верыць лічбам, агучаным у Расіі, Міністэрства аховы здароўя Беларусі на 29 жніўня завысіла колькасць прышчэпленых людзей мінімум на 420 тысяч чалавек. Або на 39,81%.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: