Уладзімір Япрынцаў выйшаў на волю

Бізнесмен Уладзімір Япрынцаў аштрафаваны на 500 базавых велічынь і вызвалены ў зале суда. Яго сын Казбек прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 


Такі ж тэрмін атрымаў Аляксандр Арабян, партнёр Япрынцава-малодшага. Прысуд па справе Япрынцавых быў абвешчаны 23 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

У Казбека Япрынцава і Арабяна таксама канфіскавана маёмасць. У прыватнасці ў Япрынцава-малодшага канфіскаваныя акцыі кампаніі "Прастор Трэйд". Што датычыцца кампенсацыі імі шкоды, то гэта пытанне будзе вырашацца асобна ў рамках грамадзянскага працэсу.

Суд прыйшоў да высновы, што Казбек Япрынцаў і Арабян займаліся махлярствам — заключалі кантракты на пастаўку нафты, не маючы намеру іх выконваць. Атрыманыя грошы выкарыстоўвалі па сваім меркаванні, у тым ліку на пагашэнне даўгоў. Самі фігуранты сваёй віны не прызналі. Яны заявілі, што кантракты былі несапраўдныя — на самай справе пацярпелыя давалі ім грошы ў якасці пазыкі. І пакуль ішлі працэнты, прэтэнзій ні ў кога не было.

У пачатку 2015 года стала вядома, што Казбек Япрынцаў страціў на Форэксе 40 млн. долараў. Рахункі яго афшорных кампаній фактычна абнуліліся. Яшчэ некалькі месяцаў ён хаваў ад бацькі рэальны маштаб праблемы, але ўлетку 2015-га давялося пра ўсё расказаць. Доўг перад расійскімі бізнесменамі, сярод якіх быў кіраўнік федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі Міхаіл Маміяшвілі, на той момант складаў каля 30 млн. долараў.

Уладзімір Япрынцаў аформіў на крэдытораў сваю долю ў "Трайпле" (33%), таксама перадаваў ім наяўныя грошы ў кошт пагашэння доўгу сына. Распіскі не афармляліся.

Першапачаткова Япрынцава-старэйшага абвінавачвалі ў махлярстве, але пазней пракурор перагледзеў абвінавачанне на ўкрывальніцтва злачынства.

Уладзімір Япрынцаў выдаваў сыну гарантыйныя лісты ад "Трайпла", меў зносіны з яго крэдыторамі, абяцаў вырашыць пытанне.

Заяву ў КДБ на яго напісаў былы партнёр Юрый Чыж — гендырэктар "Трайпла" (сам Чыж вось ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.) Паказанні супраць Япрынцава-старэйшага таксама даў яго сябар Міхаіл Маміяшвілі, які ў суд так і не з'явіўся.

Аргументы абвінавачання суд палічыў больш пераканаўчымі, чым довады абароны. Уладзімір Япрынцаў выйшаў на волю ў зале суда, але павінен заплаціць штраф 500 базавых велічынь (10 тыс. 500 беларускіх рублёў, або 5 тыс. 250 долараў ЗША).

Прысуд законную моц не набыў. Абвінавачваныя маюць намер яго абскардзіць.

Адар'я Гуштын, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: