Уладзімір Някляеў: «Давайце бясстрашна рабіць тое, што мусім: вызваляцца ад лукашызму»

«Хацець — адно (як спяваецца ў народнай прыпеўцы: "Так хацеў, ажно млеў, ды хацелка сцёрлася"), а зрабіць — іншае. Нават калі нехта на нас вайной пойдзе, дык нам не ўпершыню: продкі нашыя біліся і на ўсход, і на захад», — напісаў у сваім фэйсбуку Уладзімір Някляеў.



Усё больш «інфармацыі» пра тое, што Пуцін на дапамогу Лукашэнку вось-вось накіруе войска — і канец Беларусі. Акупацыя.

Верыце вы «інфармацыі» Лукашэнкі пра Польшчу, якая сабралася «адцяпаць» Гарадзеншчыну? Пра НАТО, якое «зашавялілася» каля нашых межаў, збіраючы самалёты і танкі, каб нас захапіць?

Дык вось «інфармацыя» пра акупацыю з усходу такога ж кшталту, як і пра захоп з захаду. Задача «інфарматараў» у тым, каб стварыць у нашым грамадстве нервовасць, няўпэўненасць, каб нагнаць на нас страху. Справакаваць на памылковыя рашэнні, самае памылковае з якіх — чаканне перамоў з Лукашэнкам. Бо ўсё, чаго мы ў такім выпадку дачакаемся, — гэта спачатку падман, а потым помста. Кожнаму і ўсім.

Давайце не звяртаць увагу ні на якія страшылкі. Давайце бясстрашна рабіць тое, што мусім: вызваляцца ад лукашызму. Калі вызвалімся, дык з вольнай Беларуссю не зможа зрабіць ніхто і нічога. Да таго ж: хацець — адно (як спяваецца ў народнай прыпеўцы: "Так хацеў, ажно млеў, ды хацелка сцёрлася"), а зрабіць — іншае. Нават калі нехта на нас вайной пойдзе, дык нам не ўпершыню: продкі нашыя біліся і на ўсход, і на захад. Але ніхто з беларускім народам (бо не тыя ўмовы, не тыя часы — і сабе даражэй) ваяваць не збіраецца. Ніхто, апроч Лукашэнкі. Гэта ён — акупацыя. І наша задача адна: забраць у яго аўтамат і дэмабілізаваць па прычыне дэбілізму. А там пабачым, як нам з нашымі суседзямі жыць далей...


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: