Уладзімір Някляеў: Гэта не палітычная эміграцыя

Паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў, які зараз з’ехаў жыць і працаваць у Швецыю, распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён 14 мая не ўдзельнічаў у Вільнюсе на пасяджэнні Камітэта па міжнародных справах Сейма Літвы, на якім, у тым ліку, мусілі казаць і пра праблему палітычных зняволеных у Беларусі.

“Зараз на нейкі перыяд я вырашыў дыстанцыянавацца ад палітычнай і грамадскай дзейнасці ў Беларусі і заняцца ў Швецыі літаратурай”, – кажа суразмоўца.

Паводле шведскіх СМІ, Уладзімір Някляеў атрымаў па адмысловай праграме двухгадовую стыпендыю, а таксама бясплатнае пражыванне ў горадзе Лунд, які знаходзіцца на поўдні Швецыі.

«Праграма накіраваная на пісьменнікаў, якія падвяргаюцца цэнзуры ці пераследу ў сваёй краіне», — гаворыцца ў паведамленні.

“Адразу хачу сказаць, што не ідзе ніякай размовы пра палітычную эміграцыю, – кажа Уладзімір Пракопавіч. – Мяне запрашалі паўдзельнічаць у гэтай праграме ўжо даўно, але ўсё не было часу.

Зараз на нейкі перыяд я вырашыў дыстанцыянавацца ад палітычнай і грамадскай дзейнасці ў Беларусі і заняцца ў Швецыі літаратурай. Мне неабходны час, каб дапрацаваць раман пра Янку Купалу”.

14 мая на пасяджэнне Камітэта па міжнародных справах Сейма Літвы запрошаны многія беларускія палітыкі, у тым ліку, і Уладзімір Някляеў. Там будуць казаць пра выбары ў Беларусі, свабоды грамадзян і палітычных зняволеных.

“Як бачым, палітыка мяне і ў Швецыі не пакідае, – дадае былы кандыдат у прэзідэнты. – Акрамя таго, ёсць яшчэ адно запрашэнне ў Германію – краіну, якая была ініцыятарам дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Праўда, на Захадзе, як я зразумеў, крыху ў разгубленасці праз вынікі гэтага дыялогу, бо беларускі кіраўнік не захацеў ехаць у Брусель.

А я пакуль адмовіўся ад удзелу у вышэйзгаданых мерапрыемствах, тым больш, што акурат у той час, калі ў Вільнюсе будуць разглядаць сітуацыю ў Беларусі, у мяне ў Швецыі запланавана прэс-канферэнцыя”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!