Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя — проста балванчык?

Былы палітвязень Уладзімір Някляеў пракаментаваў суд над прафсаюзнымі актывістамі.



Фота Арцёма Лявы

“У сістэме прававой дзяржавы сітуацыя кшталту той, што стала зачэпкай для крымінальнай справы супраць незалежнага прафсаюза РЭП, проста не магла ўзнікнуць”, — лічыць палітык.

Працягвакецца судовы працэс над лідарамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.

Прафсаюзным лідарам прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала каля 23 тысяч рублёў.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

“У свой час мяне з дыягназам “транзіторная ішымічная атака” не пачалі лекаваць, а пасадзілі ў турму, — выказаўся Уладзімір Някляеў на сваё старонцы ў сацыяльных сетках. — З гэтакім дыягназам пасадзіла ў турму год таму суддзя Марына Фёдарава. Турэмны доктар сказаў, што такіх суддзяў саміх судзіць трэба. А гэтая “суддзя” сёння судзіць кіраўнікоў незалежнага прафсаюза”.

Палітык лічыць, што кіраўнікоў незалежнага прафсаюза “судзіць не Фёдарава, а той, хто загадаў судзіць”.

“Хто ж стварыў суды, у якіх суддзя — проста балванчык, які механічна зачытвае выракі? — задаецца пытаннямі Някляеў. — Хто стварыў сістэму, у якой усё, у тым ліку чалавечыя лёсы, вырашае, абапіраючыся на сілавыя, рэспрэсіўныя структуры, выканаўчая ўлада?.. У сістэме прававой дзяржавы сітуацыя кшталту той, што стала зачэпкай для крымінальнай справы супраць незалежнага прафсаюза РЭП, проста не магла ўзнікнуць. Яна ўзнікла толькі таму, што прафсаюзы, як і ўся краіна, існуюць ва ўмовах бяспраўя, ва ўмовах татальнага палітычнага ціску. І мяняць гэтыя ўмовы ніхто не збіраецца, што непазбежна прывядзе краіну да палітычнага і эканамічнага калапсу”.

palitviazni.info

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: