Уладзімір Някляеў: «Тыя, хто ў гэтым завіхаецца, проста пазбаўляюць сябе будучыні»

Паэт і экс-кандыдат у прэзiдэнты — пра прысуд Андрэевай і Чульцовай ды пра тое, што сваю будучыню стварае сёння кожны чалавек.


— Любы і кожны дыктатарскі рэжым — гэта як фізічнае, падобнае да рака з метастазамі, гэтак і псіхічнае, падобнае да вар’яцтва, захворванне, — пiша «Салідарнасць» са спасылкай на Facebook Уладзіміра Някляева. — Нейкая частка грамадства з хваробай змагаецца, нейкая — хваробе паддаецца. І калі для першых страшная (праз турмы, здзекі, катаванні) сама хвароба, дык для апошніх — яе наступствы. Праз усё далейшае жыццё.

Вось што будзе рабіць праз усе далейшае жыццё (якое будзе значна даўжэйшым за жыццё дыктатуры) вайсковы капітан, які стрэліў у спіну свайму суайчынніку? Да таго ж, свайму знаёмцу. Кім ён будзе ў вачах суайчыннікаў, калі нават на вайне і нават ворагу страляць у спіну — ганьба?

Кім будуць следчыя, пракуроры, суддзі, якія заводзяць крымінальныя справы, вінавацяць і садзяць у турмы за колер адзежы ці мармеладу?

Кім будуць цяперашнія следчыя Ігар Кудзеля і Ігар Курыловіч, якія зляпілі крымінальныя справы на журналістак (якія заўсёды будуць журналісткамі!) Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову?

Кім будзе пракурорка Аліна Касьянчык, якая запатрабавала для Каці і Дар’і па два гады турмы проста за тое, што яны журналісткі? І кім будзе суддзя Наталля Бугук, а пасля ёй, як і следчым, і пракурорцы, яшчэ жыць і жыць?.. Побач з Дар’яй, побач з Кацяй…

Няўжо яны пра гэта не думаюць?

Гэта не наіўныя пытанні — за жыццё я шмат чаго пабачыў і зведаў. І ўжо мала чаму здзіўляюся. Але не перастаю здзіўляцца высокай чалавечай годнасці (у тым ліку той, якую выявіла ў судзе Кацярына Андрэева) і бяздоннай чалавечай подласці.

Сёння Беларусь стварае сваю будучыню. І сваю будучыню стварае сёння кожны чалавек. Будучыня, створаная Кацярынай і Дар’яй (незалежна ад вынесенага ім прысуду), светлая, як іх усмешкі. І нікому ўжо, і ніколі гэтыя ўсмешкі не пагасіць.

Тыя, хто ў гэтым завіхаецца, проста пазбаўляюць сябе будучыні.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: