Уладзімір Вялічкін: Правасуддзя няма, ёсць палітычная расправа

Як выглядаюць цяпер суды па крымінальных палітычна матываваных справах у Брэсце? Чаму адных караюць «хатняй хіміяй», а іншых адпраўляюць у калонію строгага рэжыму? Ці ўсе прызнаюць сваю віну? Як адчуваюць сябе родныя і блізкія асуджаных?

На такія ды іншыя пытанні шукаў адказы на “Радыё Рацыя” праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

— Вашая ацэнка судоў, што зараз адбываюцца, і якімі словамі можна назваць апошнія судовыя працэсы?

— Правасуддзя мы не бачым, мы бачым расправу па палітычных матывах над удзельнікамі масавых пратэстаў і над іншадумцамі.

— Па якіх справах прысуды самыя жорсткія?

— Самыя дзікія расправы – гэта над удзельнікамі так званага “карагоду” 13 верасня. Калі людзі патанцавалі і папляскалі ў далоні. І іх за гэта судзяць і караюць не толькі “хатняй хіміяй”, але і “хіміяй” з накіраваннем і нават адпраўляюць у калоніі.

— Як вы думаеце, чаму менавіта “карагодная справа”, што ў ёй асаблівага?

— Найбольш абурае тое, што людзі не здзейснілі не тое што нейкага крымінальнага, адміністрацыйнага правапарушэнняў, уся іх віна ў тым, што яны патанчылі на праезнай частцы і папляскалі ў далоні. Шмат судзяць тых, хто нават не выходзіў на праезную частку. Проста чалавек там прысутнічаў. І гэтага дастаткова, каб яго абвінаваціць. І калі не пасадзіць, то на “хімію” адправіць.

Прыгадаем “пінскую справу”, якую назвалі “пінскай бойняй”! 109 міліцыянтаў спрабуюць спагнаць з 14 пінчукоў, якія іх так страшна “напалохалі”, каля 380 тысяч рублёў. Дзе гэта бачна? Сярод пінчукоў ёсць моцна параненыя і пацярпелыя. Сярод міліцыянтаў амаль няма, драпіны. За што людзей караюць і засуджваюць на 6 гадоў?!

Колькасць тых, хто праходзіць па крымінальных палітычна матываваных справах вылічваецца сотнямі. Толькі палітвязнямі па Берасцейскай вобласці прызнаныя звыш дзевяці дзясяткаў чалавек.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: