Умова дыялога — вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў!

Неадкладнага вызвалення, рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх палітвязняў, спынення палітычна матываванага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту запатрабаваў Форум «Свабоду палітвязням!» у адмысловай заяве.



У Мінску паралельна з "Мінскім дыялогам" на ініцыятыву сустаршыні БХД Паўла Севярынца прайшоў грамадскі форум "Свабоду палітвязням!", які збірае прадстаўнікоў палітычных партыяў, рухаў, праваабаронцаў, журналістаў і дэмакратычных актывістаў.

Удзельнікі форуму абмеркавалі лёс 9 беларускіх палітвязняў і кампанію карнай псіхіятрыі, разгорнутую ў Беларусі прадстаўнікамі ўлады ў дачыненні да палітычных апанентаў.

Галоўнай высновай сустрэчы стаў заклік да заходніх палітыкаў: толькі пасля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў можна весці дыялог з Лукашэнкам.


Фота bchd.info

Форум “Свабоду палітвязням!” выступіў з адмысловай заявай:

Вызваленне беларускіх палітвязняў мусіць быць умовай дыялогу з рэжымам

Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

Тым часам еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з уладамі "шырокі дыялог". Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя  сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму. На  шматлікіх сустрэчах, у тым ліку і “Мінскім дыялогу”, гаворка ідзе пра супрацу з дзяржаўнымі органамі, а тэма рэпрэсіяў супраць грамадзян Беларусі адсунутая ўбок.

Між тым, рэжым пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў.

Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.

Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на палітычных зняволеных Іллю Валовіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Змітра Паліенку ды іншых.

Рэжым праводзіць ператрусы і допыты у бацькоў, чые сыны паехалі абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пяць гадоў турмы у выніку правакацыі спецслужбаў атрымаў добраахвотнік Тарас Аватараў: зараз ён зазнае ў турме моцны ціск адміністрацыі.

Да трох гадоў калоніі прысуджаны Святаслаў Барановіч, які абараняў мірных дэманстрантаў ад пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі.

Па сфабрыкаванай справе пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі  прафсаюза РЭП Ігар Комлік — ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў — Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Кацярыну Садоўскую, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча і іншых.

Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт, а таксама абражаючыя чалавечую годнасць вязняў турэмныя ўмовы паказваюць: рэжым не мяняецца.

Мы, прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і праваабаронцы:

•  Патрабуем неадкладнага вызвалення, рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх палітвязняў.

•  Патрабуем спынення палітычна матываванага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту.

• Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій.

•  Заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць  Беларусі — і паставіць умовай дыялогу з Лукашэнкам вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсіяў.

Менск, 24 траўня 2018 года

bchd.info

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: