Умовы на Акрэсціна — «не толькі парушэнне правілаў самаго ЦІП, але і базавых правоў чалавека»

Камеры на Акрэсціна дзеляцца на два тыпы: «палітычныя» і «звычайныя». Умовы ўтрымання і распарадак дня ў «палітычных» камерах істотна адрозніваецца ад афіцыйна замацаваных законам.

Перапоўненасць камер, спякота, адсутнасць матрацаў, прагулак, душа і перадач... Як цяпер адбываюць адміністрацыйны арышт у мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, Праваабарончаму цэнтру “Вясна” распавёў Аляксандр, які вызваліўся тыдзень таму. Імя мужчыны змененае ў мэтах бяспекі.

Гісторыя Аляксандра пачалася яшчэ на пачатку гэтага года, калі людзей сталі прыцягваць да адказнасці за шторы, сняжынкі, сэрцайкі і нават шкарпэткі ў бела-чырвона-белых колерах. У мінчука на акне кватэры віселі бчб-упрыгожванні, таму на Аляксандра быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за несанкцыянаванае пікетаванне. Пасля прыйшла позва ў суд. Суд прызначыў Аляксандру пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, аднак у зале суда мужчыну не затрымалі. Ён вярнуўся дадому, сабраў усе неабходныя рэчы: зубную пасту, шчотку, мыла, ручнік, споднюю бялізну, кнігі і пісьмовыя прыналежнасці, і стаў чакаць, калі за ім прыйдуць. Ішлі месяцы, але за Аляксандрам ніхто не прыходзіў, і ён ужо было думаў, што пра яго забыліся.

Але адной раніцай дадому да мужчыны прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія сказалі яму збірацца і ехаць з імі для адбыцця арышту. Ужо ў аддзяленні міліцыі на Аляксандра склалі пратакол затрымання, пасля чаго часова змясцілі ў камеру, так званы “обезьянник”, чакаць транспарту. Позна ўвечары прыехала машына, на якой Аляксандра з іншымі, не палітычнымі затрыманымі даставілі ў ЦІП. У ізалятары адразу адчулася рознае стаўленне: з усіх затрыманых пасцельную бялізну не выдалі толькі Аляксандру. Таксама яму не дазволілі ўзяць нічога з тых рэчаў, якія ён загадзя падрыхтаваў. На пытанне да супрацоўніка ЦІП, ці выдадуць яму асабістыя рэчы, дазволеныя Правіламі ўнутранага распарадку, ён атрымаў адмову.

Пасля гэтага Аляксандра абшукалі і вызначылі ў камеру, дзе ўжо сядзела вялікая колькасць людзей.

“Прыём у камеры быў выдатны — усе ўсміхаюцца, вітаюць і кажуць: “Заходзь, уладкоўвайся. Ну і расказвай, як сюды трапіў?” Увогуле ў калектыў ўжываешся маментальна. А вось абвыкаеш і ўнікаеш ва ўмовы ўтрымання нашмат даўжэй”, — успамінае мужчына.

Як пасля вызначыў для сябе Аляксандр, камеры на Акрэсціна дзеляцца на два тыпы: “палітычныя” і “звычайныя”. Умовы ўтрымання і распарадак дня ў “палітычных” камерах істотна адрозніваецца ад афіцыйна замацаваных законам.

Першае, што кідаецца ў вочы ў “палітычнай” камеры, гэта перанасяленне. У камеру на чатыры “шконкі” змяшчаюць ад 16 да 20 чалавек. Памер самой камеры не больш чым чатыры на пяць крокаў, гэта значыць, на аднаго чалавека прыходзіцца дзесьці 1—1.25 квадратных метры жылплошчы.

З-за перанасялення ў сонечныя дні ў камеры было вельмі душна, нават нягледзячы на тое, што для дадатковай вентыляцыі адкрывалі акно і “кармушку”. Халадней станавілася толькі, калі заходзіла сонца, а яшчэ лепш — калі ішоў дождж.

Самае складанае, на думку Аляксандра, гэта спаць у такой камеры: укладвацца даводзілася на голых металічных “шконках”, на падлозе і часам на лаўках. Матрацаў, падушак і пасцельнай бялізны сутачнікам не выдавалі, а без іх ляжаць на “шконках” было досыць балюча.

“Самі “шконкі” на Акрэсціна зробленыя са звараных металічных палос, пустая адлегласць паміж якімі была памерам каля 10 на 40 сантыметраў. Таму на іх спалі людзі, у якіх з сабой былі тоўстыя байкі ці курткі, каб іх можна было падкладаць замест матраца. На падлозе спаць было зручней за ўсё, большасць спалі менавіта там, падкладаючы пад галаву красоўкі замест падушкі. Ну, а калі на падлозе вольнага месца ўжо не заставалася, клаліся спаць на лаўкі. На іх спаць было горш за ўсё з-за невялікіх памераў.

Святло ў камеры на ноч не выключалі, што па пачатку вельмі моцна перашкаджае заснуць. Каб прыглушыць святло, многія нацягвалі на вочы медыцынскія маскі. Але праз тыдзень да святла трохі абвыкаеш, і перашкаджае яно ўжо не так моцна”, — распавёў Аляксандр.

У дадатак да ўсяго, кожную ноч праводзіліся дзве пераклічкі: арыштантаў будзілі і па прозвішчах правяралі, ці ўсе на месцы. Гадзінніка ў камеры не было, але па адчуваннях такія праверкі праводзілі прыблізна а першай гадзіне ночы і ў чатыры гадзіны раніцы.

Акрамя адсутнасці нармальнага сну, асаблівую нязручнасць арыштантам дастаўляе адсутнасць сродкаў гігіены. Асабістая зубная шчотка, паста, мыла, ручнік у большасці арыштаваных адсутнічалі. У камеры Аляксандра была палова цюбіка зубной пасты на ўсіх. Зубы чысцілі альбо ўказальным пальцам, нанёсшы на яго невялікую колькасць пасты, альбо проста праціралі туалетнай паперай.

Казённае мыла выдавалі вельмі мала: звычайна палову ці траціну кавалка на камеру ў суткі. Даводзілася эканоміць, каб хапала памыцца і памыць бялізну.

Ніводнай перадачы і ніводнага ліста нікому ў камеры Аляксандра не аддавалі. Выключэнне складалі толькі лекі і акуляры — іх перадавалі.

Аляксандр адзначае, што распарадак для ў “палітычнай” камеры не моцна адрозніваецца ад звычайнай, і апісвае яго так:

·  Пад'ём у 6 гадзін раніцы.

·  Каля 8-9 гадзін — сняданак: якая-небудзь каша, чай з цукрам, чорны і белы хлеб. Пасля ежы ўсе мыюць за сабой посуд і здаюць.

·  У гадзін 9 раніцы першая праверка, ці, як кажуць арыштанты, — “шмон”: усіх выводзяць на калідор і выстройваюць уздоўж сцяны. Спачатку трэба ўперціся тыльным бокам далоняў аб сцяну, правяраючы праходзіць і глядзіць, каб не было нічога забароненага ў кішэнях. Пасля гэта трэба зняць для праверкі абутак. Таксама ўсіх абводзяць металадэтэктарам. Паралельна з гэтым адбываецца пераклічка па прозвішчах і агляд камеры. Пасля гэтага ўсіх заводзяць назад у камеру. Праверка займала звычайна не больш за 5 хвілін.

·  Пасля сняданку са звычайных камер арыштаваных звозілі “на працы”. З “палітычных” камер на працу нікога не вывозілі. Да абеду арыштанты звычайна гутарылі, распавядалі анекдоты, чыталі адзін аднаму невялікія лекцыі.

·  У 14 або 15 гадзін давалі абед: гарачы суп, каша з катлетай, кампот і хлеб. Потым кожны мые за сабой посуд і здае, а часам загадваюць пакінуць яго да вячэры.

·  Да або пасля абеду праводзяць чарговую праверку, якая праходзіць таксама, як і раніцай. Адзінае выключэнне — часам у камэры рабілі "вільготную ўборку": з сіняга вядра ў пакой вылівалі чатыры літра вады з хлоркай. Пасля гэтага арыштанты залазілі на “шконкі”, каб не таптацца па мокрай падлозе, а хтосьці адзін браў анучу і збіраў разлітую вадкасць у вядро.

·  Каля 17 гадзін была вячэра: каша, катлета, салёны або свежы агурок ці памідор. Гарбаты або кампоту на вячэру не было, але два разы на тыдзень давалі варанае яйка.

·  Пасля вячэры да 18 гадзін праходзіла вячэрняя праверка.

·  У 22 гадзіны быў сімвалічны адбой, бо святло ўсё роўна не выключалі.

·  Далей ішлі дзве начныя пераклічкі, пад'ём — і так па крузе.

Колькасць той ежы, што давалі, Аляксандр лічыць дастатковай, аднак якасць яе не вельмі высокая. Суму, якую за харчаванне патрабуе пакрыць ЦІП, — 14,5 рублі за суткі, мужчына лічыць завышанай разы ў тры.

Аляксандр таксама распавёў, што кожнага з сядзельцаў мінімум адзін раз за тэрмін арышту вадзілі на гутаркі з супрацоўнікам міліцыі. У прыватнасці Аляксандра пыталіся, ці не ведае ён аб крадзяжах ровараў, магнітол, рэчаў з тамбураў. Уся гутарка заняла каля 10 хвілін. Па расказах сукамернікаў часам на такія сустрэчы прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК і цікавіліся пратэстамі, хто праплачвае каментары і пасты ў сацсетках, адкуль адбываецца каардынацыя.

За ўвесь час арышту Аляксандр пабываў у некалькіх камерах з “палітычнымі”. Умовы ўтрымання ў іх усіх былі аднолькавыя. Ні разу за гэты час мужчын не вадзілі ў душ, на шпацыр, не перадавалі перадач. Прыняць імправізаваны душ можна было толькі стоячы над унітазам і паліваючы сябе з бутэлькі. Нават зубную пасту і мыла, якія былі ў сабраных рэчах Аляксандра і многіх іншых арыштаваных, супрацоўнікі ЦІП адмовіліся выдаць, спаслаўшыся на тое, што яны апячатаныя.

У Аляксандра склалася ўражанне, што ёсць нейкія строга прапісаныя інструкцыі, як утрымліваць “палітычных” арыштантаў, якія спусцілі зверху для выканання, а супрацоўнікі ЦІП лічаць іх нормай.

“Аднак відавочна, што створаныя ўмовы  гэта не толькі парушэнне Правілаў унутранага распарадку самаго ЦІП, але і базавых правоў чалавека”, — кажа Аляксандр.

На гэты конт юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка адзначае, што Дысцыплінарны статут органаў унутраных спраў мае сілу ўказа прэзідэнта, а у ім замацавана:

Супрацоўнік органаў унутраных спраў у выпадку сумнення ў правамернасці атрыманага ім для выканання загаду абавязаны неадкладна паведаміць пра гэта ў пісьмовай форме непасрэднаму начальніку, а ў яго адсутнасць — вышэйстаячаму начальніку. Калі непасрэдны начальнік або вышэйстаячы начальнік пісьмова пацвярджае гэты загад, супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны яго выканаць, за выключэннем выпадкаў, калі выкананне загаду пацягне здзяйсненне злачынства або адміністрацыйнага правапарушэння.

Адказнасць за выкананне супрацоўнікам органаў унутраных спраў неправамернага загаду нясе начальнік, які пісьмова пацвердзіў гэты загад.

Праваабаронца падкрэслівае:

“Калі супрацоўнікаў ізалятараў не бянтэжыць відавочная супрацьпраўнасць загаду катаваць усіх без разбору, то пытанняў няма — яны злачынцы і павінны быць асуджаныя па Крымінальнаму кодэксу. Але ж потым гэтыя супрацоўнікі будуць казаць, што яны разумелі, што штосьці не тое, але быў загад, які трэба было выконваць. Няведанне закона, як кажуць, не пазбаўляе ад адказнасці. І вось ёсць пункт 7 Дысцыплінарнага статута, якім замацавана: бачыш, што загад нейкі сумнеўны, не “по букве закона” — патрабуй пісьмовы яго варыянт.

Такім чынам, закон кажа: “Кожны, хто сёння супрацьпраўна забраў матрас у арыштанта, адабраў лекі ды прадукты без пісьмовага загаду на гэта, будзе потым несці персанальную адказнасць за выкананне злачыннага загаду”.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: