Умовы ўтрымання ў Магілёўскім ІЧУ немагчыма абскардзіць у судзе

Суд Ленінскага раёна г. Магілёва адмовіў актывісту Аляксандру Хамратавува ўзбуджэнні грамадзянскай справы па яго скарзе на адказ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота з сайта spring96.org


Нагадаем, 20 студзеня 2016 года ў судзе Магілёўскага раёна былі затрыманыя грамадскія актывісты Зміцер Здобнікаў, Аляксандр Хамратаў і Юры Гарбаценка. Трое актывістаў былі дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання г. Магілёва па вул. Крупскай, 99, дзе правялі ноч.

 

Як паведамляе сайт protivpytok.org, першапачаткова Аляксандр Хамратаў накіраваў скаргу аб парушэнні правілаў утрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якога ўжыта адміністрацыйнае затрыманне ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Аднак намеснік начальніка УУС А.Г. Сяргееў паведаміў, што ў ходзе праведзенай праверкі парушэнняў дзеючага заканадаўства не было выяўлена. Актывіст не пагадзіўся з такімі вынікамі праверкі і накіраваў скаргу ў суд.

 

Суддзя суда Ленінскага раёна г. Магілёва Дыбленка А. вынесла вызначэнне аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе актывіста ў сувязі з непадведамаснасцю.

 

У вызначэнні суддзя Дыбленка сцвярджае, што «фактычна Хамратаў А.Г. абскарджвае ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання», а «магчымасць абскарджання асобамі, затрыманымі за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў, умоў знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання ГПК Рэспублікі Беларусь не прадугледжана».

 

Аляксандр Хамратаў лічыць, што такое рашэнне суда з'яўляецца фактычнай адмовай дзяржавы ў правасуддзі і прадастаўленні эфектыўных сродкаў прававой абароны, гарантаваных яму арт. 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пп. b п. 3 арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

«Важна адзначыць той факт, што я накіраваў у суд у скаргу на адказ УУС Магілёўскага аблвыканкама. У самым адказе намеснік начальніка ўпраўлення А.Г. Сяргееў паказаў, што «ў выпадку нязгоды з прынятым рашэннем я маю права звярнуцца ў суд за абаронай парушанага або аспрэчваемага права альбо ахоўнай законам інтарэсу. Тым не менш, суд Ленінскага раёна г. Магілёва адмовіўся разглядаць маю скаргу», — пракаментаваў сітуацыю Аляксандр Хамратаў.

 

Такім чынам, складаецца сітуацыя, калі па Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, а на справе чалавек цалкам пазбаўлены гэтага права.

 

·                               
spring96.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!