Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?

У беларускай адукацыі чарговая рэвалюцыя. Праўда, на якасць падрыхтоўкі школьнікаў і студэнтаў яна не паўплывае ніяк. Па ўсёй краіне ўпраўленні адукацыі, якія існуюць у выканкамах, сталі «ўпраўленнямі па адукацыі», паведамляе "Еўрарадыё".


Гэта не жарт. Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама цяпер называецца Галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама. Упраўленне адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска — Упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама — Упраўленнем па адукацыі Пінскага гарвыканкама.

Міністэрства ні пры чым

Ну, цяпер упраўленні адукацыі запрацуюць з новай сілай і імпэтам! Але хто прыдумаў такую патрэбную і правільную адукацыйную рэформу?

Звяртаемся ў прэс-службу Мінадукацыі. Міністэрства, як гэта часта бывае, аказваецца ні пры чым.

— Рашэнне па перайменаванні прымалі мясцовыя органы ўлады — аблвыканкамы і гарвыканкамы. Раней яны называліся ўпраўленнямі адукацыі, спорту і турызму. Цяпер адбыліся структурныя змены, і яны называюцца ўпраўленнямі па адукацыі. Яны з намі гэта ўзгаднялі, — кажа ў размове з Еўрарадыё прэс-сакратарка Людміла Высоцкая. З пытаннямі пра сэнс раптоўнай пературбацыі з назвай накіроўвае нас у выканкамы.

— З 1 чэрвеня мы сталі называцца ўпраўленнем па адукацыі. Быў аддзел адукацыі, спорту і турызму. Спорт і турызм ад нас адлучылі, — тлумачаць Еўрарадыё змены ў прыёмным пакоі пінскага ўпраўлення.

Ну, тут хаця б спорт і турызм адчапілі. А які сэнс у дабаўленні “па” да назваў абласных упраўленняў адукацыі, дзе ніякага спорту і турызму і не было?

— Які сэнс? Гэта рашэнне аблвыканкама. Было ўпраўленне адукацыі, а стала Галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Што вам не зразумела? Чаму я ўвогуле мушу вам гэта каментаваць? — злуецца на нас сакратарка Галоўнага ўпраўлення (цяпер ужо) па адукацыі ў Брэсцкай вобласці.

“Займацца такой фігнёй у момант, калі разбураецца сістэма адукацыі, непрыстойна. Гэта вар'яцтва"

Упраўленням з новай назвай цяпер спатрэбяцца новыя бланкі, новыя пячаткі, новыя шыльды на дзвярах. Трэба абнавіць і сайты ўпраўленняў. Гэты працэс ужо пайшоў — прыназоўнік “па” займае сваё месца ў іх назвах, на захаваных у вэб-архіве старонках можна паглядзець, як было раней:

Так было раней


Так стала цяпер

Выканкамы Гродзенскай вобласці пакуль яшчэ назвы не памянялі (на сайтах усё выглядае па-ранейшаму), але распараджэнні па перайменаванні атрымалі. Адпаведны ліст дэманструе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт. 

На думку Лівянта, займацца такімі новаўвядзеннямі ў час, калі адукацыя перажывае крызіс, непрыстойна.

"Магчыма, трэба было некаму выканаць дзяржзамову па вытворчасці штэмпеляў, шыльдаў, і такім чынам вырашаная праблема — не ведаю, як яшчэ гэта патлумачыць, — смяецца Яўген. — Я быў бы шчаслівы, калі б у нас было ўсё настолькі добра, што праблема назваў установаў, іх аб'яднанне і раз'яднанне было апошняй праблемай. Займацца такой фігнёй (гэта я яшчэ мякка сказаў) у момант, калі разбураецца сістэма адукацыі, непрыстойна. Гэта вар'яцтва".

“Мы як займаліся адукацыяй, так і будзем ёю займацца"

"Дадзенае рашэнне прынятае на падставе заканадаўчых актаў, зацверджаных на ўзроўні Рэспублікі Беларусь. Таму структура прыводзіцца ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, — распавядаюць Еўрарадыё ў Галоўным упраўленні па адукацыі Мінаблвыканкама. — Каментаваць дадзеную сітуацыю мы не ўпаўнаважаныя, таму што мы выканаўцы ў дадзенай сітуацыі. На эфектыўнасць, выніковасць дзейнасці і выкананне функцый змена назвы не паўплывае. Мы як займаліся адукацыяй, так і будзем ёю займацца".

Што за заканадаўчыя акты, згодна з якімі выканкамы перажываюць перамены, — чыноўнікі казаць адмаўляюцца. Як і гаварыць наконт новых бланкаў, шыльдаў і пячатак. Маўляў, мы структура вертыкалі ўлады і нічога не вырашаем. Мінадукацыі не вырашае, выканкамы не вырашаюць. А хто вырашае?

А гэта скрын з сайта ўпраўлення па адукацыя адміністрацыі Маскоўскага раёна. Да 1 чэрвеня назва выглядала вось так

"Неяк мы лічылі і атрымалі, што "чыноўнікаў" у адукацыі больш за 100 тысяч. Гэта ж цяпер трэба памяняць 100 тысяч назваў пасад у тэлефонных даведніках на сайтах, там жа памяняць структуру на новую, зрабіць новыя візітоўкі і шыльды на кабінеты...

Дапусцім, што ў кожнага чыноўніка свой кабінет з шыльдай. Кошт шыльды — 2 долары. Атрымаем, што 200 тысяч долараў сыдзе толькі на шыльды. А маглі б купіць школам наборы робататэхнікі", — разважае ў каментарах пад пастом Лівянта мінскі настаўнік Сяргей Альшэўскі.

Калі ў Мінску пачынаецца кампанія па перайменаванні вуліцы, якая носіць імя якога-небудзь кіраўніка НКУС, на вуліцу ў гонар беларускага пісьменніка — Караткевіча ці Быкава — чыноўнікі адразу ж пачынаюць расказваць пра выдаткі, звязаныя з заменай адрасоў. Маўляў, гэта ж патрэбныя новыя шыльды, а грошай няма. Ну а тут... Адна справа — упраўленне адукацыі, і зусім іншая — упраўленне па адукацыі. Гучыць, праўда?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: