Урад Беларусі абяцае сялянам заробак 700 рублёў

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы абяцаў, што сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы павінен дарасці да 700 рублёў, паведамляе Радыё Свабода.
На сумесным паседжанні дзвюх палат Нацыянальнага сходу 30 лістапада быў заслуханы даклад віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага. Ён ва ўрадзе адказвае за аграрны сэктар.

Сярод іншага чыноўнік паабяцаў прыступіць да выплаты «годных заробкаў» і закладання «вёскі будучыні».

Намеснік кіраўніка ўраду заявіў, што сёння ёсць усе магчымасці атрымліваць «годную плату» за зробленую працу. Так, ужо ў снежні, паводле яго слоў, сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы павінен дарасці да 700 рублёў. Пакуль, як вынікае з афіцыйнай статыстыкі за 10 месяцаў, гэтая лічба толькі крыху перавышае 500 рублёў.

Пры гэтым многія работнікі сельскагаспадарчых арганізацый наракаюць, што маюць нізкія прыбыткі, часта нават меней за 100 рублёў.

Таксама Міхаіл Русы агучыў рэцэпт эфектыўнага «стрымліваньня моладзі» ў сельскай мясцовасьці.

«Забяспечыць ўзровень жыцьця ў вёсцы — асноўная наша задача», — цытуе чыноўніка БелТА.

Ён заявіў, што ў кожнай вобласці ўжо вызначаныя адрасы для рэалізацыі пілотных праектаў пад стварэнне «вёскі будучыні».

«Падрыхтаваны тыпавыя праекты „вёскі будучыні“. Ужо вызначаны паселішчы, на базе якіх будуць адпрацоўвацца пілётныя праекты», — адзначыў віцэ-прэм’ер, не ўдакладніўшы, што менавіта зменіцца ў параўнанні з аграгарадкамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!