Урад паведамляе пра паспяховае лячэнне цяжкіх форм COVID-19 плазмай ачунялых

Урад Беларусі паведаміў пра шэсць выпадкаў паляпшэння стану хворых цяжкай формай каронавіруса пасля пералівання ім плазмы з крыві донараў, якія перахварэлі гэтым захворваннем.
«У нас ёсць хоць і невялікая, але станоўчая практыка. Па дадзеных на ўчора, дзевяці пацыентам мы ўвялі плазму ачунялых людзей і шэсць з іх сапраўды пайшлі на папраўку», — заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, якога цытуе прэс-служба ўрада.

Напярэдадні Петрышэнка наведваў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, дзе знаходзяцца пацыенты, у якіх захворванне каронавірусам праходзіць у цяжкай форме.

«Антыцелы супраць віруса, якія ўтварыліся ў крыві донараў у выніку перанесенай інфекцыі, дапамагаюць спраўляцца з хваробай іншым пацыентам, у якіх хвароба працякае ў цяжкай і сярэднецяжкай форме», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як паведамлялася, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка на нарадзе з урадам заявіў, што людзі, якія перахварэлі каронавірусам, могуць дапамагчы ў лячэнні іншых. «Гэта наш залаты фонд, гэта людзі, у якіх мы бярэм кроў, робім плазму і лечым людзей. Людзям, якія перахварэлі, трэба ганарыцца, што яны выстаялі, а не баяцца, што пра іх штосьці скажуць», — сказаў Лукашэнка.

У паведамленні адзначаецца, што на 24 красавіка ў Беларусі ачунялі 1120 пацыентаў пасля перанесенага COVID-19. «Многія з іх з'яўляюцца патэнцыяльнымі донарамі плазмы і могуць аказаць садзейнічанне ў больш хуткім выздараўленні тых пацыентаў, якія маюць у ёй патрэбу», — упэўнены віцэ-прэм'ер.

Раней паведамлялася таксама, што намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан пацвердзіла лячэнне цяжкіх выпадкаў каронавіруса з дапамогай плазмы з крыві перахварэлых каронавірусам.

«Ужо 25 донараў здалі плазму, і на сёння выратавалі жыцці васьмі чалавек. Не толькі ў Мінску, але і ў Віцебску, Лідзе. Гэтая праца працягваецца», — заявіла Богдан.

 «Мы падрыхтавалі свой навуковы праект — выкарыстанне імуннай плазмы перахварэлых пацыентаў», — паведамляе намеснік міністра.

Раней паведамлялася, што па дадзеных на раніцу 24 красавіка, у Беларусі зарэгістравана 8773 чалавека з станоўчым тэстам на COVID-19 (на 23 красавіка 8022). Прырост за суткі склаў 751 чалавек. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, «памерлі 63 чалавекі (на 23 красавіка 60) з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй».

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: