Урад разглядае магчымасць не размяшаць НВЦ каля Курапатаў

Урад Беларусі разглядае магчымасць размяшчэння Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) на іншай тэрыторыі і вядзе распрацоўку альтэрнатыўнай архітэктурнай канцэпцыі.


Пра гэта гаворыцца ў адказе ад 24 кастрычніка намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксея Ананіча на зварот грамадскасці да прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса.

Нагадаем, што з 24 верасня больш за 750 грамадзянаў — жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі — звярнуліся да прэм’ер-міністра з прапановай адмовіцца ад узвядзення НВЦ каля ўсходняй мяжы Курапатаў.

У звароце да Сяргея Румаса «Захаваем мемарыяльнае поле паміж Курапатамі і “Экспабелам!”» згадваецца, што па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя НВЦ, дзе прадугледжана яго размяшчэнне паміж Курапатамі і «Экспабелам». Дзеля ажыццяўлення гэтага праекту рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы.

У звароце зазначаецца, што ўрочышча з’яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння пад назвай «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».

«На курапацкіх пагорках ляжаць тысячы нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, таму Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народа, сваім трагічным мінулым яны яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце.


Яго падпісанты лічаць, што ўзвядзенне НВЦ каля Курапатаў парушыць гістарычны выгляд поля з яго ландшафтам, краявіднымі пунктамі і грунтовай «Дарогай смерці», па якой ахвяраў вазілі на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай і сусветнай гісторыі.

Апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.


Падпісанты звароту ўпэўненыя, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На думку грамадскасці, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ.

Зыходзячы з таго, што абраны для будаўніцтва НВЦ пляц не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць прапануе Сяргею Румасу перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і «Экспабелам» статус месца нацыянальнай памяці. 

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!