Уратаваны крыж

На фоне сумных падзеяў у Курапатах іскрынкай надзеі выглядае захаваны крыж у гонар ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.



Нагадаем, што адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі быў забіты фашыстамі перад Калядамі ў 1942 годзе. Яго арыштавалі прама ў Чырвоным касцёле, дзе ксёндз служыў.

Вінцэнт Гадлеўскі загінуў у Благаўшчыне (Трасцянцы), дзе сіламі грамадскасці  ў 2008 годзе святару быў устаноўлены памятны знак. Калі ладзілі мемарыял габрэям — ахвярам генацыду, хтось палічыў, што асобнаму крыжу там не месца. Ён чакаў свайго часу ў касцёле Св. Роха.

І вось католікамі прынята рашэнне ўстанавіць святыню на залатагорскім цвінтары. Мастак Алесь Цыркуноў, які змайстраваў крыж і апекаваўся ім, правёў рэстаўрацыю. Надпіс сведчыць: “Святому пакутніку Беларусі айцу Вінцэнту Гадлеўскаму”. Падчас крыжовага ходу напярэдадні Вялікадня адбылося асвячэнне. На цырымоніі прысутнічалі не толькі шматлікія вернікі, але і грамадскія актывісты.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!