Урочышча Пяскі — брацкая магіла для 40 тысяч чалавек

Урочышча Пяскі. Так у Полацку называецца месца самага масавага пахавання ахвяраў Другой сусветнай вайны. Тут спачываюць парэшткі больш 40 тысяч былых ваеннапалонных, мірных жыхароў і нават італьянскіх жаўнераў, якія не пажадалі ваяваць на баку фашыстоўскіх захопнікаў.



У жніўні 1941 года побач са Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром, на тэрыторыі былога вайсковага гарадка размясціўся транзітны ваенны лагер для савецкіх ваеннапалонных — Дулаг–125. Тут утрымліваліся таксама і мясцовыя цывільныя грамадзяне.

Смяротнасць у лагеры дасягала двухсот чалавек у дзень. Усіх хавалі на былым стрэльбішчы. Працэс нагадваў канвеер, калі траншэі з аднаго боку толькі яшчэ адкопваліся, з другога — у іх ужо скідвалі трупы і прысыпалі зямлёй. Целы памерлых і забітых ляжалі тут у 8 слаёў. Сюды ж звозілі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера "Грамы", тут жа закопвалі закатаваных зняволеных гарадской турмы і гестапа.

За савецкім часам ва ўрочышчы Пяскі стаяла сціплая бятонная стэла, надпіс на якой паведамляў, што на гэтым месцы былі расстраляныя і пахаваныя тысячы ваеннапалонных і мірных грамадзянаў у 1941–1944 гадах. І толькі ў 2010 годзе Полацкая гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» абвясціла пра збор сродкаў на ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу на месцы масавага пахавання ва ўрочышчы Пяскі. Нядаўна тут з'явіліся першыя помнікі будучага мемарыяла.

Грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяла можна пералічваць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА "Беларускі фонд міру" на рахунак № 3015411066026 (у беларускіх рублях), № 3135411066502 (у далярах), № 3135411066805 (у расейскіх рублях) у дырэкцыі ААТ "Белінвестбанк" па Віцебскай вобласці , код 153001739, ОКПО 0583697.

Беларускае Радыё Рацыя. Фота Таццяны Козік

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!