«Усе факты рэпрэсій вядомых людзей на асабістым кантролі Лукашэнкі»

Баскаў панясе заслужанае пакаранне. Беларусы на Алімпіядзе могуць выступіць пад нейтральным сцягам. Ліст праўладных атлетаў — плявок у твар народу. «Спорт па-за палітыкай» як прафесійная шызафрэнія. Кіраўнікі пратэстнага руху спартсменаў ярка выказаліся наконт апошніх падзей на радзіме.



У беларускім спорце працягваецца супрацьстаянне, якое яшчэ год таму немагчыма было нават уявіць. З аднаго боку — скразны афіцыёз, які метадамі рэпрэсіўнага ўздзеяння імкнецца падагнаць усіх пад стандарты генеральнай лініяй. З другога — спартсмены пратэста, што цвёрда трымаюць удар, карыстаючыся магутнай маральнай падтрымкай грамадства і замежных інстытуцый.

Першыя ціснуць. Патрабуюць адазваць подпісы пад вядомым лістом за сумленныя выбары, прыдумваюць свой ліст — недарэчны і з прорвай супярэчнасцяў, пазбаўляюць апанентаў працы, заробкаў, магчымасці трэніравацца і ўвогуле камфортна існаваць.

Другія зацята гнуць сваю лінію. З’язджаюць за мяжу, засноўваюць Свабоднае аб’яднанне спартсменаў і Фонд спартыўнай салідарнасці. Усталёўваюць сувязі з Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і Міжнароднай федэрацыяй хакея (ІІХФ) — у выніку чаго Беларусь рызыкуе патрапіць пад спецыяльныя спартыўныя санкцыі, а ў Мінска могуць адабраць хакейнага чэмпіяната свету.

Карацей, жыццё кіпіць. Барацьба абвастраецца — і, здаецца, што па ачках пакуль выйграюць пратэстоўцы. Яны паспяхова пераадольваюць адміністрацыйныя, сілавыя і рэпрэсіўныя намаганні ўлады — і бяруць верх практычна, метадычна і іміджава.

Медыйна, дарэчы, таксама. Бо не лезуць за словам у кішэню, ахвотна адказваюць на любыя пытанні журналістаў, а часам і самі ініцыююць наўпроставя стасункі.

Так было сёння, калі прэс-канферэнцыю ў рэжыме анлайн далі хэдлайнеры пратэстнага руху спартсменаў, кіраўнікі Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя, Аляксандр Апейкін і Анатоль Котаў.

Асноўнае з пачутага прыводзіць «Новы Час».

«Не час цяпер для хакейнага свята»

Амаль на самым пачатку гутаркі была закранута тэма чэмпіяната свету па хакеі-2021. Яго мусяць прыняць Мінск і Рыга, але праз палітычную сітуацыю ў Беларусі пытанне падвісла ў паветры. Прама скажам, з высокай верагоднасцю, што турнір у выніку перанясуць у другую краіну.

Анатоль Котаў. Скрын СТВ

«Лёс хакейнага чэмпіянату свету яшчэ не вырашаны, але мы ўпэўненыя, што наш зварот у Міжнародную федэрацыю паслужыць дадатковым аргументам, каб у Беларусі ў наступным годзе матчаў ЧС не праводзілася”, — кажа Анатоль Котаў. І адразу ж дадае, намякаючы на вечаровую падпрацоўку Дзмітрыя Баскава ў мінскіх дварах, дзе злачынна развяваюцца бел-чырвона-белыя стужкі: «Не час цяпер для свята, тым больш гэтае свята ладзяць людзі, якія, дэкларуючы, што спорт па-за палітыкай, у сваёй іншай іпастасі прасоўваюць выключна палітычны распарадак. Яны не дазваляюць спартсменам выказваць сваё меркаванне, ажыццяўляюць ціск на падначаленых. І самае страшнае — аказваюцца датычнымі да гібелі людзей».

«Баскаў панясе непазбежная і заслужанае пакаранне»

Адыёзнага старшыню Беларускай федэрацыі хакея Котаў успомніць і пазней: «Так, сам кейс Рамана Бандарэнкі не мае дачынення да спорту, але ад гэтай гісторыі ўжо нельга аддзяліць постаць кіраўніка ФХБ, члена выканкама НАКа. Ёсць маса сведчанняў, што Баскаў датычны да гэтай трагедыі. Таму намі падрыхтаваны досыць сур'ёзны зварот да ІІХФ, і мы ўпэўненыя, што Дысцыплінарны Камітэт Міжнароднай федэрацыі не зможа прайсці міма відавочных парушэнняў Кодэкса этыкі, Алімпійскай хартыі і іншых рэгламентаў, якіх павінны прытрымлівацца функцыянеры. І ў выніку Дзмітрый Баскаў панясе непазбежнае і заслужанае пакаранне па міжнароднай спартыўнай лініі за ўласныя цалкам відавочныя і адназначныя дзеянні».

 «У нас няма мэты, каб не дапусціць беларускіх атлетаў да Алімпіяды»

Ліст праўладных спартсменаў нарабіў шуму, і яго таксама прыйшлося каментаваць. Асабліва ў той крывадушнай частцы, дзе прасоўваецца меркаванне, што нібыта пратэстныя спартсмены хочуць пазбавіць сваіх калег удзелу ў Алімпіядзе-2021.

Аляксандр Апейкін. Фота pressball.by

«Прама цяпер намі зафіксавана і даведзена да Міжнароднага алімпійскага камітэту шэсць выпадкаў парушэння правоў спартсменаў, — распавядае для пачатку Аляксандр Апейкін. — Гэта чатыры прадстаўнікі лёгкай атлетыкі — Вольга Мазуронак, Андрэй Краўчанка, Святлана Кудзеліч і Дар’я Барысенка, і два дзюдаісты — Аляксандр Вахавяк и Дзмитрый Шэршань. 7 снежня адбудзецца выканкам МОКа, і, у прыватнасці, ужо ў панядзелак беларускае пытанне будзе абмеркавана.

Але у нас няма мэты не дапусціць беларускіх спартсменаў да Алімпіяды. Наадварот, мы стараемся, каб у Токіо трапілі ўсе. Пры гэтым важна, каб санкцыі за парушэнне правоў спартсменаў закранулі датычных да гэтага спартыўных чыноўнікаў, якія прадстаўляюць Мінспорту і НАКу. Каб яны не былі акрэдытаваныя на гульні і адпаведна не былі да іх дапушчаныя.

А спартсмены да Алімпіяды рыхтуюцца — у тым ліку тыя, якія пацярпелі за сваю пазіцыю. МАК выказаў гатоўнасць аказаць садзейнічанне ў плане допуску да Алімпіяды — пры ўмове, зразумела, выканання кваліфікацыйных нарматываў. Ёсць і разуменне міжнародных федэрацый па відах спорту. Таму засталося толькі заваяваць ліцэнзію — і выступаць. Калі не пад беларускім сцягам, то пад нейтральным. Ці пад «нашым» сцягам».

«Мы зацікаўленыя, каб атлеты спаборнічалі пад сцягам Рэспублікі Беларусь, — перахоплівае ініцыятыву Котаў. — І сам адбор на Алімпіяду будзе чарговым тэст-драйвам для НАКа. Які ў адным са сваіх лістоў у МАК гарантаваў роўныя ўмовы кваліфікацыі на Гульні для ўсіх спартсменаў — незалежна ад іх поглядаў. І адпаведна, наступнае іх уключэнне ў алімпійскі склад.

Хоць мы бачым, што ўжо адбываецца. Нават тых, хто ўжо заваяваў ліцэнзію, пазбаўляюць магчымасці паўнавартасна трэніравацца. Задача нашага Фонду ў гэтай сітуацыі — кампенсаваць страты, не дапусціць адсяванне людзей па фармальнай падставе, маўляў, яны не гатовыя да Алімпіяды».

«Праўладны ліст спартсменаў — гэта плявок у твар народу»

Пра ліст у падтрымку дзеючай улады суразмоўцы прыгадалі яшчэ раз — ужо па наўпроставаму запыту аднаго з рэпарцёраў. Як ацэньваеце, маўляў, гэты «душэўны парыў» «палітычна правільных» атлетаў-суайчыннікаў?

«Сутнасць гэтага ліста ўсім зразумелая, — называе рэчы сваімі імёнамі Апейкін. — Як і методыка збору подпісаў. Справа рухаецца з дапамогай адміністрацыйнага ціску. Ліст, дарэчы, складзены вельмі непісьменна. Ужо тое, што подпісы людзі пакідаюць у НАК, сведчыць, што менавіта НАК актыўна прасоўвае працэс і, адпаведна, наўпрост умешваецца ў палітыку.

Прымяняюцца метады адміністрацыйнага ціску і з боку Мінспорту. Ад яго паляцела распараджэнне ў раённыя ўпраўленні, у РЦОРы. Нам паступае вельмі шмат інфармацыі пра тое, як прымушаюць падпісвацца. Пад пагрозай звальнення ці пазбаўлення фінансавых ільгот.

Ёсць, вядома, і тыя, хто падпісвае гэты ліст па ўласнай волі. Але тут маральны бок. З нашага пункту гледжання, гэта плявок у твар усяму беларускаму грамадству. І тым спартсменам, якія пацярпелі за сваю пазіцыю, пазбавіліся працы і месца ў зборнай. Мы вельмі асуджаем тых, хто добраахвотна гэта падпісвае. Гэта пытанне іх маральнай арыентацыі».

Аляксандра Герасіменя. Фота TUT.BY

«Нам прыходзіць шмат просьбаў аб дапамозе датычна гэтага ліста, — а гэта ўжо Герасіменя. — Ён жа закранае не толькі спартсменаў, але і іншых неабароненых грамадзян. Там ёсць непаўналетнія, якіх абавязалі падпісацца. Ёсць інваліды, якім пагражаюць тым, што яны апынуцца на вуліцы. Людзі звяртаюцца з маленнем: калі не падпішам, выставяць на вуліцу…»

«Мы ўсе разумеем, як гэта робіцца, — тут Аляксандра не ўтрымліваецца ад усмешкі. — Бачым, хто падпісвае. Бачым, што сярод іх шмат людзей, далёкіх ад спорту. Тыя ж рэгіянальныя чыноўнікі, якія наогул не ведаюць, што такое спорт. Казаць аб законнасці ліста і маральных якасцях падпісантаў нават не прыходзіцца».

Закрывае тэму трохразовая алімпійская прызёрка зноў на сур’ёзе: «Мы вельмі просім: калі на каго ціснуць — звяртайцеся да нас. Мы хочам асвятляць гэтыя выпадкі, каб краіна ведала сваіх герояў — тых, хто цісне і прымушае. У сваю чаргу, мы гатовыя аказваць падтрымку. За намі ўся сусветная і спартыўная грамадскасць, якая гатовая ўключаць рэсурсы і дапамагаць. Не бойцеся, расказвайце, гэта дасць магчымасць спыніць дыскрымінацыю».

«Прыязджалі дадому, казалі, мы цябе звольнім, падумай аб сям'і і дзецях»

У прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі замежныя журналісты, і ім было цікава даведацца, якім чынам у Беларусі «душаць» вольных атлетаў.

«На жаль, вельмі шмат спартсменаў, трэнераў і прадстаўнікоў галіны апынуліся пад ціскам, — сведчыць Аляксандра Герасіменя. — Хтосьці атрымліваў пагрозы — да іх прыязджалі дадому. Казалі, мы цябе звольнім, падумай аб сям'і і дзецях, аб тым, як жыць далей. Умова адна — адклікаць свой попіс пад лістом за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Некаторых непажаданых спартоўцаў адразу ж выключылі са зборных, адкамандзіравалі ў вайсковыя часткі, да якіх яны былі прымацаваныя. Гэта пазбаўляла іх магчымасці трэніравацца і наогул займацца спортам.

Што тычыцца былых спартсменаў, то іх таксама ўсяляк спрабавалі пакараць. Любым спосабам. Мой выпадак: праз пару дзён пасля таго як я падпісала ліст, мне патэлефанавалі людзі, у якіх я арандавала басейн для заняткаў свайго плавальнага клуба. Яны сказалі, што я ў іх больш не змагу займацца — і назвалі кучу прычын гэтага рашэння. Падобна было і ў іншых — пазбаўленне бізнэсу, магчымасці заняткаў з дзеткамі... І адзін адказ на ўсе пытанні: вы ж самі ўсё разумееце…

Ёсць выпадкі, калі людзям даводзілася нават з'язджаць з краіны. Таму што былі перадумовы для крымінальнага пераследу. На дадзены момант у нас больш за 70 выпадкаў дыскрымінацыі спартсменаў, трэнераў і прадстаўнікоў спартыўнай галіны па палітычных матывах. І з кожным днём іх становіцца больш. Асабліва шмат дадасца 31 снежня, таму што ў канцы года мінаюць кантракты ў зборных — і многім іх могуць не падоўжыць».

«Над паспяховымі хочацца па-асабліваму паздзекавацца»

Гаворачы пра рэпрэсіі, ад агульнага ў рэшце рэшт перайшлі да прыватнага — да канкрэтных выпадкаў, калі ў ролі безнадзейных рэцыдывістаў раптам апынуліся паважаныя ў краіне беларусы.

«Спартсмены — вядомыя людзі, таму з імі жорсткае абыходжанне і пры затрыманні, і ў СІЗА, — разважае Апейкін. — Гісторыя той жа Лены Леўчанкі — гэта гісторыя катаванняў. Гісторыі Андрэя Краўчанкі і Івана Ганіна — гэта таксама гісторыя катаванняў. Вольга Хіжынкова — тыя ж катаванні і каласальныя парушэнні правоў чалавека. Напэўна, калі супрацоўнікі турмы бачаць перад сабой вядомага і паспяховага чалавека, ім хочацца над ім асабліва паздзекавацца».

Алена Леўчанка на пасля вызвалення з ЦІП на Акрэсціна. Фота «Еўрарадыё»

«Дарэчы, — нечакана робіць сенсацыйны паварот спікер, — нядаўна да нас прыляцела інфармацыя, што выпадкі, якія тычацца заключэння такіх людзей, знаходзяцца на асабістым кантролі Лукашэнкі. Адпаведна, Хіжынкова, Леўчанка і іншыя спартсмены – усе гэтыя гісторыі, факты затрымання ідуць наверх, і там вырашаецца лёс людзей. І распараджэнні катаваць іх, ствараць невыносныя ўмовы за кратамі.

Мы ж памятаем, які «душняк» быў у Лены — 15 сутак спала на жалязяках, не было гарачай вады, страціла велізарны кавалак здароўя. І, што важна, час для рэабілітацыі і перазапуску баскетбольнай кар'еры. План падрыхтоўкі быў цалкам сарваны. Як, дарэчы, і у Краўчанка. І ў дадатак да ўсяго — усе без выключэння атлеты падчас заключэння заразіліся каронавірусам».

«Адна асоба ў двух іпастасях — гэта шызафрэнія»

Напрыканцы нехта з журналістаў замежнікаў раскрыў інсайд: што нібыта Беларуская федэрацыя баскетбола, якую ўзначальвае Максім Рыжанкоў, адправіла ліст у міжнародную. Ну і распавяла пра сваё бачанне падзей у мірнай і квітнеючай Беларусі.

Максім Рыжанкоў. Скрын СТВ.

«Мы гэты ліст не бачылі, — шчыра прызнаецца Котаў. — Але трэба разумець, хто кіруе федэрацыяй баскетбола. Гэта першы намеснік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Зноў жа, гэта да пытання аб тым, што спорт па-за палітыкай. Як такое можа быць, калі старшыня Федэрацыі паралельна адказвае за ідэалогію ў краіне? Як адно і тое ж асоба можа ў некалькіх выявах сябе падзяляць? Гэта нейкая шызафрэнія прафесійная. Тут я незалежны спартсмен, а тут — прадстаўнік вертыкалі?

Дарэчы, я магу нагадаць адно выказванне спадара Рыжанкова ў цэнтральных СМІ. На асабістым прыёме адзін з наведвальнікаў паскардзіўся, што беларуская міліцыя неяк мякка звяртаецца з пратэстоўцамі. На што адказ: ну вось зараз не будзе (мякка). Вось і пазіцыянаванне асобы беларускага чынавенства адносна таго, што адбываецца ў краіне. І яны яшчэ спрабуюць перакласці адказнасць на іншых і абвінаваціць іх у палітызацыі спорту».

І крыху фактаў. За ўвесь час, что Фонд спартыўнай салідарнасці дапамагае пацярпелым ад рэпрэсій, ім патрачана звыш 100 тысяч еўра. Разавая фінансавая падтрымка аднаго чалавека складае 1500 еўра. Пры гэтам калі спартсмен працягвае кар’еру, яму імкнуцца стварыць умовы для трэніровак і спаборніцтваў – за дадатковыя сродк. У бліжэйшых планах Фонда дапамога фрыстайлістам – славутаму трэнеру Мікалаю Казека і спартсменцы Аляксанры Раманоўскай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: