Да Ігара Случака і Аліны Нагорнай восем месяцаў прыязджае міліцыя

Да Ігара і Аліны, якія пасяліліся ў вёсцы Перасека Рагачоўскага раёна, ужо восем месяцаў перыядычна прыязджае міліцыя. Сям'я часта прыкмячае, што ў вёсцы трэба адрамантаваць, уладкаваць, і піша звароты да мясцовай улады. Актывісты думаюць, што такія візіты невыпадковыя і звязаныя менавіта з пастаяннымі спробамі дагрукацца да чыноўнікаў і навесці парадак у вёсцы.


Аліна Нагорная і Ігар Случак з маленькім дзіцём жывуць у вёсцы Перасека Рагачоўскага раёна. У чацвер, 3 чэрвеня, каля дзесятай гадзіны вечара да дома прыехалі «невядомыя на міліцэйскай машыне».

— Стукалі ў дзверы і пабудзілі дзіцяці. Мы іх не ведаем і не запрашалі, таму адчыняць не сталі. Яны стаялі паўгадзіны пад вокнамі і пайшлі да суседзяў, — распавяла Аліна «Моцным Навінам».

Як дадае Ігар, пабывалі ў дамах на іх вуліцы і пайшлі на суседнюю. Пыталіся, хто наляпіў на знак дарогі Р43, што ў межах вёскі, «апазіцыйныя налепкі». Актывісты не разумеюць, чаму прыйшлі менавіта да іх.

 Як быццам толькі мы можам гэта зрабіць. Па гэтай вуліцы ездзіць тысяча людзей у дзень: можна спыніцца, наклеіць і сказаць, што гэта нехта з мясцовых. Наогул, налепкі — нармальная нагода прыехаць а 10-й вечара?! У гэты час дзіўна кагосьці ўпускаць у хату. У цяперашняй сітуацыі ў Беларусі трэба быць гатовым да такіх інцыдэнтаў, але прыемнага ў гэтым мала, асабліва калі дома спіць маленькае дзіця. За дзень да іх прыезду да нас грукаўся старшыня сельсавета. Супадзенне?

Невядомых і міліцэйскія машыны Случак і Нагорная перыядычна бачаць пад вокнамі ўжо каля васьмі месяцаў. Кажуць, заўважылі дзіўную заканамернасць: тыя з'яўляюцца праз некаторы час пасля таго, як да ўладаў прыйдзе некалькі зваротаў па бытавых пытаннях вёскі.

— За тыдзень да гэтага «візіту» дайшла наша хваля зваротаў, старшыні прыйшлося выконваць свае абавязкі: за апошнія пару дзён у нас перафарбавалі студні, разраўнялі дарогу, узялі ваду на экспертызу, пакасілі траву на агульнай тэрыторыі, абнавілі трансфарматарную будку — гэта ўсё вынікі зваротаў. А так студні развальваюцца, асядаюць. Вядома, каму хочацца ехаць у нейкую вёску іх фарбаваць?

Аліна і Ігар імкнуцца палепшыць жыццё ў Перасецы, часта просяць мясцовых чыноўнікаў нешта адрамантаваць, дзесьці навесці парадак. Год таму распавядалі «Моцным Навінам» пра сітуацыю з вадой: пітной ў вёсцы проста няма, а ўлады вырашаць праблему не збіраліся з-за маленькага насельніцтва.

— За гэты час нічога не памянялася. Нядаўна мы зноў звярталіся, каб ваду праверылі, пачысцілі, падвозілі пітную людзям. Ці, раз не могуць зрабіць станцыю абезжалезвання, правялі да нас трубу ад бліжэйшай — гэта паўтара кіламетра. Але яны проста перафарбавалі калодзежы. Так, жыве ў нас у вёсцы каля 25 чалавек, але гэтыя людзі ж жывуць тут!

Калодзеж: было і стала

Ігар не разумее, чаму мясцовыя павінны змірыцца і жыць у жудасных умовах. Вось на іх вуліцы адзін з «праблемных дамоў» належыць філіялу мясцовага сельгаспрадпрыемства. Актывісты прасілі закрыць дзірку ў даху, прыбраць смецце на тэрыторыі або знесці дом, каб на месцы не ўтвараўся сметнік. Прыехалі спецыялісты — прыбілі шыфер да даху, а стары, што валяўся на зямлі, проста занеслі на дом.

 Мы зноў напісалі зварот: прыйдзіце і прыбярыце. Вось так, як маленькім дзецям, прыходзіцца тыкаць, прымушаць працаваць. У мінулым годзе мы дамагліся, каб на вуліцы зрабілі дарогу, паставілі знакі на забарону для цяжкай тэхнікі.

Дарога: было і стала

Мужчына кажа, ужо сам рабіў дарогу, прыбіраў на прыпынках, высаджваў дрэвы. Падключаюцца і мясцовыя жыхары, самі падказваюць, што яшчэ можна палепшыць. «Кажуць, пакуль вы не прыехалі, усё развальвалася — шыфер не маглі прыбіць дзесяцігоддзямі, дарога раскіслай была заўсёды», — адзначае Ігар і дадае, што пытаннямі павінны займацца мясцовыя ўлады.

— У іх ёсць на гэта і паўнамоцтвы, і сродкі, і людзі. Мы проста займаемся тым, каб у вёсцы сапраўды можна было жыць, каб падаткі ішлі на жыхароў, у тым ліку на вёску, а не на чарговы Лядовы палац. Мы просім палепшыць дарогу, выкасіць траву, прыбраць смецце, пафарбаваць прыпынак, паставіць лавачкі там, дзе бабулі чакаюць аўтакраму, — прывёў у прыклад пытанні, якія падымае ў зваротах да мясцовых улад, Ігар.

Актывісты дамагліся, каб у вёсцы нарэшце пакасілі траву

Ён лічыць, што так на яго сям'ю спрабуюць націснуць, каб пераключыць увагу і знізіць актыўнасць.

 Мне здаецца, гэта не падабаецца людзям, якія адказваюць за наш сельсавет, таму што вёсак шмат і ніхто з імі не працуе. А тут з'явіліся людзі, якім на самой справе патрэбна вёска, і нешта просяць. Усе толькі кажуць пра адраджэнне вёскі, а на самой справе хочуць, каб яна хутчэй загнулася. Калі ты прыходзіш у вёску і паказваеш праблемы, якія трэба вырашаць, адразу становішся гэтай праблемай сам, — заключае актывіст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: