Пацярпелая дзяўчына: «Усе згадвалі, як у вайну людзей заводзілі ў газавыя камеры»

Каця (імя зменена) з мужам пакінулі краіну пасля жнівеньскай хвалі тэрору. Працадаўца дзяўчыны дапамог з пераездам, і яна працягвае працаваць дыстанцыйна. 
Маладая сям'я выйшла на сталічныя вуліцы пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пабачыўшы нічым не справакаваную жорсткасць сілавікоў, яны пайшлі дахаты. І вырашылі спытаць дарогу ў сілавікоў, што як здавалася, сумуюць на ходніках.

Мужа закінулі ў аўтазак і там жа пачалі збіваць. Пад крыкі каханага чалавека Кацю акружылі некалькі амапаўцаў і пачалі яе проста абражаць, робячы выгляд, што вось-вось наскочаць на дзяўчыну. Адзін з сілавікоў, сарваў з ейнай рукі белы бранзалет – сімвал прыхільнікаў кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай – і загадаў яго зʼесці. Каця ўспамінае, што проста не разумела, што адбываецца. За адмову есці бранзалет амапавец ударыў яе па руках. На шчасце для дзяўчыны, у гэты момант яны пераключылі ўвагу на новую ахвяру. Затрыманых павезлі на Акрэсціна.

Дваццаць тры, а затым і трыццаць шэсць чалавек у камеры на чатыры ложкі. Адзіная палёгка – гэтак званая «кармушка», акенца ў дзвярах камеры, праз якое падаюць ежу. Ежы, як і вады, на працягу трох дзён затрыманым не давалі. Затое кармушка дазваляла не задыхнуцца. Калі яе не зачынялі.

Акенца зачынялі найчасцей уначы, калі ў калідор выцягвалі мужчынаў з суседніх камераў і пачыналі збіваць. Шмат каго затрымалі разам з блізкімі, і жанчыны з жахам услухоўваліся ў крыкі за закрытай кармушкай. У камеры была параненая гумавай куляй жанчына. Задыхаючыся, сукамерніцы прасілі доктара хаця б адкрыць акно.

«Немагчыма было гаварыць, бо не было кіслароду. Немагчыма было плакаць, бо не было кіслароду. Я падумала, што гэта самая дурная смерць, што можа адбыцца», – згадвае Каця.

У адказ на просьбы дзверы камеры адкрываліся двойчы. Толькі дзеля таго, каб выліць на жанчын вядро вады. І без таго мокрыя ад дыхання дзясяткаў людзей сцены маленькага памяшкання пачыналі «плакаць».

«Усе згадвалі пра вайну, калі людзей заводзілі ў газавыя камеры, – гэта было вельмі падобна», – кажа Каця. Апошнюю ноч усе рыхтаваліся да смерці.

На трэці дзень іх чакаў фармальны суд і перавод у Жодзіна. Каця атрымала 10 содняў арышту. Суддзя нават не сказала, у чым яе абвінавачваюць. Чакаючы пагрузкі ў аўтазак, які вывезе іх са двара на Акрэсціна, дзяўчына ўпершыню расплакалася. Побач на каленях стаялі дзясяткі збітых мужчынаў. Некаторыя не маглі самі падняцца. Каця не ведала, што ейнага мужа вызвалілі раней, і са страхам глядзела ў збітыя твары. У аўтазаку дзяўчат суправаджалі трое сілавікоў. Двое сядзелі ў тэлефонах, гарталі Тындэр. Трэці, старэйшы, цалкам сур'ёзна распавядаў вывезеным з Акрэсціна пра тое, што людзей ніхто не збіваў.

Пасля вызвалення большасць сукамерніц змаглі скантактавацца ў Тэлеграме. У агульным чаце дзяўчаты падтрымліваюць адна адну. Яны прыйшлі да высновы, што паліваў іх вадою сам начальнік ЦІП на Акрэсціна Яўген Шапецька.

Адміністрацыя Жодзінскага СІЗА не ведала, што рабіць са зняволенымі без дакументаў, распавядае Каця. На руках яна мела толькі даведку аб знаходжанні ў Акрэсціна. Адна з супрацоўніц узяла пад апеку нашую гераіню і яшчэ адну дзяўчыну ў той жа сітуацыі. Праз некалькі гадзінаў хаджэння па кабінетах іх вызвалілі. Каці пашанцавала – пад сценамі следчага ізалятару яе чакаў муж. Ён знайшоў жонку ў базе праваабарончага цэнтру «Вясна». Там яго папярэдзілі, што людзей пачалі вызваляць.

Да змены ўлады сям'я не збіраецца вяртацца на радзіму.

Больш гісторый можна прачытаць тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: