«Усіх пад нож, ні на што не глядзелі». У ЦІТ Мінгарвыканкаму маштабныя звальненні іншадумцаў

Як стала вядома «Белсату», у маі ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкаму пачаліся палітычна матываваныя кадравыя чысткі. Працы пазбавіліся тыя, хто летась паставіў подпіс за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам на прэзідэнцтва. Гэтую інфармацыю Белсату пацвердзілі адразу некалькі крыніц на прадпрыемстве.

У маі маштабныя звальненні пачаліся ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогіяў (ЦІТ) Мінгарвыканкаму, які адказвае за IT-забеспячэнне дзяржсектару ў Мінску (абслугоўвае патрэбы Мінгарвыканкаму, раённых адміністрацыяў, арганізацыяў ЖКГ і буйных прадпрыемстваў).

 «У нас на прадпрыемстве адбываюцца рэпрэсіі. Дырэктару прыйшоў спіс на трох аркушах А4 з прозвішчамі тых, хто падпісаўся за Бабарыку. У маі звольнілі першую партыю — да 10 чалавек. Звальняюць збольшага інжэнерна-тэхнічных работнікаў: начальнікаў упраўленняў, намеснікаў начальнікаў аддзелаў, вядучых інжынераў. Думаю, я таксама ў гэтым спісе», — распавёў на ананімных умовах адзін з працаўнікоў ЦІТ.

Паводле суразмоўцы першую партыю іншадумцаў прыбралі з прадпрыемства цягам трох дзён — людзей прымушалі пісаць заяву аб звальненні на згоду бакоў.

Сярод звольненых аказаўся таксама начальнік аднаго з упраўленняў ЦІТ, які некалькі месяцаў таму браў удзел у зборы подпісаў пад лістом супраць заходніх санкцыяў. Напачатку вясны кіраўніку ўпраўлення пагражалі звальненням, калі падначаленыя не паставяць подпіс пад праўладным зваротам. Як тлумачыць яшчэ адна крыніца на прадпрыемстве, працаўнікі вельмі паважалі свайго начальніка і не хацелі дапусціць яго звальнення. «Наверсе яму фактычна сказалі: калі вы на сваіх паўплываць не можаце, то на чорта нам такі начальнік? Людзі, канечне, усе былі за яго, таму большасць падпісала гэты ліст, каб начальніка не прыбралі». Аднак гэта не дапамагло: у маі кіраўнік упраўлення ўсё роўна страціў працу.

«Што датычыць нашага ўпраўлення, то яго ў значнай ступені абяскровілі»

Адзін са звольненых працаўнікоў ЦІТ Мінгарвыканкаму — Сяргей (імя змененае з меркаванняў бяспекі) — пагадзіўся падрабязна распавесці сваю гісторыю. Ён кажа, што да 2021 года ніякіх прэтэнзіяў да яго ў сувязі з палітыкай не было: Сяргей ніколі не ўдзельнічаў у пратэстах, яго ні разу не затрымлівалі.

«Як я ставіўся да таго, што адбывалася ў краіне? Канечне, я быў у шоку. Збіццё, катаванні, забойства — гэта ненармальна. Цяжка было паверыць у тое, што гэта рэальнасць. Але я не выходзіў на акцыі пратэсту ніводнага разу — з прычыны сваёй пасады і месца, дзе я працую. Хадзіў толькі на дваровыя сходы, калі спявалі песні, размаўлялі».

У лютым 2021 года ў Цэнтр інфармацыйных тэхналогіяў прыйшоў ліст дзяржаўных прафсаюзаў супраць санкцыяў. Спачатку кіраўніца прафсаюзнага камітэту размясціла гэты ліст проста на ўнутраным партале прадпрыемства — маўляў, хто хоча, можа падысці і падпісацца.

«Але цягам некалькіх дзён паведамленне набрала толькі тры лайкі. Я не ведаю, колькі ўсяго падпісалася, але гэта быў мінімум — думаю, адзінкі. Хаця на прадпрыемстве працуе да тысячы чалавек», — кажа ён.

У сакавіку да працаўнікоў ЦІТ з нагоды прафсаюзнага ліста звярнулася ўжо кіраўніцтва прадпрыемства. «Сказалі, што падпісаць гэты ліст трэба ў добраахвотна-прымусовым парадку. Або будзе нешта нядобрае, — распавядае Сяргей. — За іншых не скажу, але прынамсі ў нашым аддзеле ўсе адмовіліся».

Праз некаторы час Сяргея выклікалі на размову да кіраўніцтва, яго зноў пераконвалі падпісаць зварот.

«Я спрабаваў аргументаваць сваю пазіцыю. Я — чалавек апалітычны. Чаму я мушу выказвацца наконт пытання, якое не знаходзіцца ў маёй кампетэнцыі? Калі гаворка ідзе пра санкцыі, то варта ж разбірацца. А можа, гэтыя санкцыі — за справу? Немагчыма, каб проста купка людзей вырашыла ўвесці санкцыі невядома за што. А калі санкцыі за справу, то як я магу падпісаць гэты ліст? Вось у такім рэчышчы ішла размова», — распавядае ён. Тады ж увечары Сяргея прыбралі з цэнтральнага офісу.

«Гледзячы на гэтую сітуацыю, некаторыя людзі чакалі завяршэння кантракту і самі звальняліся», — кажа ён.

Кантракт у Сяргея быў да восені. Ён разумеў, што працаваць яму ўжо не дадуць, і рыхтаваўся да сыходу. «Думаў падрыхтавацца да пераходу на іншую працу. У мяне цэлы план быў. Але атрымалася па-іншаму. У маі мяне папярэдзілі, што ў мяне і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў застаўся тыдзень. Пытанне было пастаўлена ва ўльтыматыўнай форме: або мы самі сыходзім, або прыбіраюць кіраўніцтва ЦІТ. А на іх месца паставяць іншых, якія ўсё роўна нас прыбяруць. То бок у лепшым выпадку мы можам выйграць нейкі тыдзень».

У выніку Сяргей напісаў заяву аб звальненні на згоду бакоў.

Агулам у маі пад палітычна матываваныя кадравыя чысткі ў ЦІТ Мінгарвыканкаму трапілі тыя, хто падчас выбарчай кампаніі 2020 года паставіў подпіс за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам на прэзідэнцтва. Сяргей кажа, што не ведае, колькі ўсяго супрацоўнікаў ЦІТ пазбавіліся працы, але, імаверна, гаворка ідзе пра дзясяткі чалавек.

«Што датычаць нашага ўпраўлення, то яго абезгаловілі і ў значнай ступені абяскровілі. Мы страцілі людзей, якія адказвалі за важныя напрамкі дзейнасці. Усіх пад нож — ні на што не глядзелі», — адзначае ён.

Суразмоўца падкрэслівае: ягонае раптоўнае звальненне было не проста незаконным, але і стварала пагрозу для нармальнага функцыянавання інфармацыйных сістэмаў, бо для таго, каб перадаць усе правы іншаму чалавеку, патрэбны час.

«Калі паступова рэпрэсаваць усіх гэтых людзей, то сістэма зжарэ сама сабе»

Сяргей мяркуе, што калі экстрапаляваць сітуацыю ў ЦІТ на ўсю краіну, то можна прыйсці да высновы: чысткі іншадумцаў могуць прывесці да катастрафічных наступстваў.

 «Спісы з подпісамі са штабу Бабарыкі захапілі, аблічбавалі і пачалі па іх працаваць яшчэ з 2020 года. Гэта да нас толькі цяпер дабраліся. Чаму толькі цяпер? Бо там таксама рэсурсы не бязмежныя.

Але толькі ўявіце сабе. За Бабарыку падпісалася больш за 400 тысяч чалавек. Калі пройдуцца па ўсіх — гэта ж будзе катастрофа! Людзі ж, якія падпісваліся за Бабарыку, — гэта ў асноўным адукаваныя, разумныя асобы. Шмат хто з іх займае кіроўныя пасады.

Калі паступова рэпрэсаваць усіх гэтых людзей (а я ўпэўнены, што далёка не да ўсіх яшчэ дабраліся), то сістэма зжарэ сама сабе. Замяніць усіх гэтых людзей будзе немагчыма. Гэта будзе катастрофа дзяржаўных маштабаў», — мяркуе суразмоўца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: