«Усіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека неўзабаве аддадуць правасуддзю тым ці іншым шляхам»

Кіраўнік новай міжнароднай платформы для збору звестак аб катаваннях у Беларусі датчанін Енс Модвіг распавёў, як яна працуе і адкуль атрымлівае інфармацыю.


З пачатку пратэстаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года розныя беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі не раз заяўлялі пра ўжыванне катаванняў і міліцэйскага гвалту да пратэстоўцаў, піша DW. Аднак у дачыненні да сілавікоў не было распачата ніводнай крымінальнай справы. Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) была створана для збору, праверкі і захоўвання дадзеных аб сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. Гэтыя доказы плануецца выкарыстоўваць для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых.

Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі, у асноўным, з краін Еўропы. Узначальвае яе дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity і, у прыватнасці, яго медыцынскі дырэктар Енс Модвіг. У інтэрв'ю DW ён распавёў аб працы.

— Чаму Інстытут Dignity вырашыў удзельнічаць у гэтым праекце?

— Dignity і іншыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у працы платформы, — эксперты ў медыцынска-прававым дакументаванні катаванняў. Гэта добрая магчымасць для экспертных арганізацый унесці свой уклад у дакументаванне і расследаванне грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, разам з міжурадавымі механізмамі пад эгідай ААН, і дапамагчы ў зборы доказаў, пакуль яны яшчэ існуюць. У прыватнасці, медыцынскі агляд прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання магчымы толькі ў працягу некалькіх дзён ці тыдняў, таму дакументаванне павінна адбывацца як мага хутчэй.

— Платформа пачала працу 24 сакавіка. Чым канкрэтна вы займаецеся на дадзеным этапе?

— Цяпер мы распрацоўваем фарматы і працэдуры, якія затым будзем прымяняць для праверкі ўжо існуючых выпадкаў, а таксама для бесперапыннага збору новых дадзеных.

— Як вы будзеце ажыццяўляць збор і праверку дадзеных?

— Мы цесна супрацоўнічаем з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія ўжо сабралі шмат выпадкаў прымянення катаванняў і працягваюць гэтым займацца, нягледзячы на рэпрэсіі. Гэтыя дадзеныя знаходзяцца ў нашым распараджэнні, і ў наступныя месяцы яны будуць папаўняцца. У рамках платформы мы будзем далей працаваць над паляпшэннем эфектыўнасці іх збору і аналізу.

— У ААН таксама запушчаны механізм збору доказаў аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Платформа будзе дапаўняць яго, ці ў яе свая спецыфічная функцыя?

— Ідэя заключаецца ў тым, што платформа будзе дзейнічаць як падрыхтоўчы механізм, пакуль механізм ААН не пачне працаваць. Адпаведна, мы перадамо сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. Гэта значыць мэты адны і тыя ж.

— Ці рабілі вы раней нешта падобнае?

— Такая платформа з’яўляецца беспрэцэдэнтнай. І хоць ва ўсіх арганізацый-удзельніц ёсць вялікі вопыт у дакументаванні парушэнняў правоў чалавека, упершыню такі кансорцыум пры падтрымцы вялікай колькасці краін створаны для таго, каб запоўніць прабел, пакуль не запрацуе міжнародны механізм дакументацыі і расследавання на аснове ААН.


— Стварэнне платформы падтрымалі 19 краін, уключаючы Германію. Якім чынам яны будуць удзельнічаць у праекце?

— Гэтыя краіны прадастаўляюць фінансаванне для платформы, акрамя гэтага яны наўпрост ніяк не ўцягнутыя ў яе працу. Я ўпэўнены, што ўсе яны будуць уважліва сачыць за ёй, але не могуць аказваць на яе ўплыў.

— У чым вы бачыце асноўныя цяжкасці ў працы платформы?

— Бяспека ахвяр катаванняў, сведак і праваабаронцаў у Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за рэпрэсій з боку рэжыму. Платформа павінна працаваць, пры гэтым рызыка для ўсіх уцягнутых павінна быць мінімальнай.

— Да вас могуць звярнуцца наўпрост беларусы, што пацярпелі ад катаванняў?

— Лепш за ўсё ім звярнуцца наўпрост ў беларускую праваабарончую арганізацыю. У іх ёсць экспертыза для дакументацыі выпадкаў і, калі неабходна, для аказання падтрымкі ахвярам.

— З Беларусі паступаюць паведамленні, што ўлады аказваюць ціск на тых, хто кажа пра катаванні. У тым ліку, і на самі праваабарончыя арганізацыі. Вы гэта ўлічвае ў сваёй працы?

— Безумоўна, мы сур'ёзна ставімся да дабрабыту нашых партнёрскіх арганізацый. З жніўня мінулага года яны праяўляюць надзвычайную смеласць і адданасць справе. Я захапляюся праведзенай імі працай, нягледзячы на рызыку. Усім, хто залучаны ў працу платформы, важная іх бяспека.

— Вы самі не можаце быць ні пракурорамі, ні суддзямі. Які юрыдычны статус у апрацаваных вамі матэрыялаў?

— Гэта так. Платформа ні ў якім разе не заменіць функцыю пракурораў і суддзяў. Мы будзем збіраць матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у якасці доказаў у наступных крымінальных расследаваннях. Тады абвінаваўцы змогуць даць гэты матэрыял у судзе.

На жаль, мы не чакаем, што беларускія ўлады ў агляднай будучыні будуць удзельнічаць у крымінальным пераследзе тых, хто вінаваты ў парушэнні правоў чалавека. Таму справядлівасць можа быць дасягнута альбо з дапамогай міжнародных механізмаў, альбо шляхам універсальнай юрысдыкцыі. Калі гэта стане магчымым, то тыя, каго аб’ядноўвае платформа, будуць супрацоўнічаць у рамках такіх механізмаў.

— У дачыненні да сілавікоў, якія ўжылі катаванні да пратэстоўцаў у Беларусі, дагэтуль не была распачатая ніводная справа. Якія шанцы, што вінаватыя ўсё ж паўстануць перад судом?

- Думаю, цяпер на гэтыя пытанні немагчыма адказаць. Я спадзяюся, што ўсіх вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека неўзабаве аддадуць правасуддзю тым ці іншым шляхам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: