«Усё як у баевіках. Пасадзілі ў ваенны джып і павезлі праз лес». Дзяніс Урбановіч — пра сваё затрыманне

26 жніўня ў Гомельскай вобласці затрымалі лідара незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара арганізацыі Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця. Апошняга адпусцілі ў той жа дзень, а Урбановіча і Трыгубава трымалі пад вартай да 29 жніўня.
— Затрымалі нас у Нароўлі. Мы ехалі з Мінска ў Тураў, Жыткавічы, Петрыкаў, а канчатковай кропкай значыўся Гомель, — распавёў Дзяніс Урбановіч «Салідарнасці». — У Нароўлі на аўтастанцыі нарэзалі сала, збіраліся паабедаць. У гэты момант пад'язджае такі ваенны джып «Land Rover Defender», выходзяць людзі і кажуць: «Мы з КДБ, да вас ёсць пытанні, праедзем з намі».

Нас завезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, там праверылі пашпарты. Сяргея Мацкойця затрымліваюць, таму што ён знаходзіўся ў вышуку. А нас з Трыгубавым чэкісты павезлі ў гатэль.

Мы за свае грошы здымаем нумар у гасцініцы. Толькі селі нарэшце паабедаць, як стукаюцца супрацоўнікі КДБ і кажуць, што павінны нас вывезці ў Мазыр. Тэлефоны не забіралі, нічога не забіралі — толькі пашпарты.

Ноччу нас грузяць усё ў той жа «Land Rover» і вязуць нейкімі лясамі ў Мазыр. Усё гэта выглядала як у нейкім баевіку, але гэта не кіно — гэта Беларусь-2021.

Пасялілі нас у гатэль «Прыпяць». Былі праблемы на рэцэпцыі — быццам не было нумароў, але супрацоўнікі паказалі пасведчанні: «Тэрмінова засяліць». Нумар пасля гэтага адразу ж знайшоўся.

Калі Віталік выходзіў папаліць, то супрацоўнікі гатэля ў яго пыталіся: «Вы што, вайскоўцы?» Патлумачылі сітуацыю, яны распавялі, што супрацоўнікі КДБ прасілі за намі назіраць.

На наступны дзень у 12 гадзін павінны былі здаваць нумар. Чую, па калідоры ідуць чалавек пяць, нават абцасы ў іх стукалі. «Вы затрыманыя», — кажуць нам. Мяне хапаюць за рукі, выводзяць з памяшкання і вязуць у мясцовае аддзяленне КДБ.

Там пытаюцца, што мы робім у Гомельскай вобласці. Пасля гэтага яны пачынаюць чакаць указанняў з Мінска. Да мяне прыходзілі людзі з відэакамерай, я сказаў, што нічога гаварыць не буду. На якую тэму прапаноўвалі запісаць «кіно» — не ўяўляю.

Пасля гэтага прыехалі нейкія «архараўцы», якія не захацелі прадстаўляцца, і завезлі нас у Следчы камітэт Мазыра.

Там заводзяць мяне ў адзін кабінет, Віталіка Трыгубава — у іншы. У кабінеце сядзяць следчы і адвакат, мне апранаюць кайданкі і кажуць, што я затрыманы ў рамках крымінальнага артыкула 342 за арганізацыю масавых беспарадкаў у Мазыры 11 жніўня.

Я стаю ў шоку: якое 11 жніўня? У гэты час у мінулым годзе я ўжо быў затрыманы ў Мінску. Мяне нават фізічна там быць не магло. Ды і ў Мазыры я ўпершыню. Мне называлі нейкія Імёны, я нікога не ведаў, нічога не падпісваў. Пасля допыту павезлі ў ізалятар на трое сутак.

Я ўпершыню сядзеў у такой камеры, дзе прыбіральня знаходзіцца практычна там жа, дзе ты ясі — усё літаральна на адлегласці выцягнутай рукі.

На наступны дзень зноў прыехалі чэкісты з Мінска, якія цікавіліся, ці ведаю я Ціханоўскага, Статкевіча, «Малады фронт». Я нічога не адказваў. Мяне чамусьці фоткалі ў камеры на свае тэлефоны, ледзь ударылі па нагах. Сказалі, калі не буду з імі размаўляць, то будуць вялікія праблемы.

Кажу: «Ну добра, трэба будзе сядзець — будзем сядзець».

У нядзелю ўвечары мяне нечакана выводзяць з камеры і кажуць, што я вызваляюся пад падпіску аб нявыездзе. У якім статусе знаходжуся — невядома.

Выйшлі з будынка — там чакаў супрацоўнік КДБ, які давёз нас проста да маршруткі на Мінск.

Можа быць, уся гэтая эпапея была звязана з тым, што ў пятніцу ў Петрыкаў прыязджаў Лукашэнка. У нас ёсць там ёсць актывісты-шахцёры. Дык вось, 30 жніўня сябра «Маладога фронту» Арсенія Чыжыка і яшчэ пару чалавек звольнілі праз адміністрацыйны арышт у ліпені.

Я настройваўся на горшае, думаў, што адправяць у СІЗА ў Гомелі, але нас чамусьці адпусцілі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: