«Усё роўна правасуддзе пераможа». Удава Тарайкоўскага пра рашэнне СК не распачынаць крымінальную справу

«Рана ці позна ўсё роўна правасуддзе пераможа, я спадзяюся», — кажа ўдава Аляксандра Тарайкоўскага Алена Герман.



Сёння стала вядома, што распачынаць крымінальную справу па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага не будуць. Паводле версіі следства, сілавікі дзейнічалі згодна з законам і выкарыстоўвалі несмяротную зброю. Сям'я будзе абскарджваць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

— Наступны наш крок — азнаямленне з матэрыяламі праверкі. Затым мы будзем абскарджваць адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі Аляксандра, — распавяла TUT.BY адвакат сям'і Альвіна Мінгазава.

Адвакатка адзначыла, што пакуль не атрымлівала ніякіх афіцыйных апавяшчэнняў пра вынікі праверкі па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Алена Герман, грамадзянская жонка Аляксандра, у каментары TUT.BY сказала:

 — Я сачу за навінамі, гляджу, якія прысуды выносяць, напэўна, дзесьці я і была гатовая, што справа не будзе ўзбуджаная, хоць верыла і спадзявалася. Рана ці позна ўсё роўна правасуддзе пераможа, Я спадзяюся.

Алена Герман адзначае, што прыкладна праз два месяцы пасля гібелі Аляксандра ў памяшканнях, дзе яны працавалі, правялі ператрус (у Аляксандра было ІП, ён займаўся бізнесам — рабіў шторкі для аўтамабіляў).

— Мы пісалі ліст, каб нашу справу ўзяла пад кантроль Генеральная пракуратура. Але прыйшлі нейкія адпіскі. І літаральна днямі патэлефанаваў следчы і вярнуў тэлефон, грошы, карткі, ключы — усё, што ў Аляксандра было з сабой.

Алена адзначае, што да яе па-ранейшаму на вуліцы падыходзяць незнаёмыя людзі і пытаюцца, чым могуць дапамагчы.

— Нас не забываюць, падыходзяць на вуліцы і кажуць: «Вось мы вас пазналі, ведаем пра ваша гора». Пытаюцца, ці патрэбна нейкая дапамога. Але чым тут дапаможаш?

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: